«Госьціца» зьбярэ ўсіх удзельнікаў калектыву за 28 гадоў на адным канцэрце (відэа)
3348 / 0
18.12.2014

«Госьціца» зьбярэ ўсіх удзельнікаў калектыву за 28 гадоў на адным канцэрце (відэа)

Унікальны беларускі фольк-тэатар пад кіраўніцтвам Ларысы Сімаковіч рыхтуе маштабны праект.

Кіраўнічка «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч задумала сабраць усе пакаленьні свайго калектыву, пачынаючы з 1986 году. Адбудзецца гэта на канцэрце з нагоды выхаду дыску «І куды што падзелася», у які ўвайшлі архіўныя запісы калектыву. «Будуць сьпевы — аўтэнтычныя і ня толькі. І дзьвіжуха, і сцэнічнае дзеяньне, а паралельна на экране хочам паказаць самыя яркія фрагмэнты жыцьця і творчасьці фольк-тэатру, дзе можна будзе пабачыць нашых сталых выканаўцаў зусім малымі», — распавяла Tuzin.fm спадарыня Ларыса.

Вядучай канцэрту будзе акторка Сьвятлана Зелянкоўская, творчы шлях якой неад’емна зьвязаны з «Госьціцай». У канцэрце прагучаць як народныя сьпевы, так і аўтарскія кампазыцыі. Узгадаюць Максіма Багдановіча, Міхася Раманюка, Ігара Стравінскага. Абяцаецца некалькі прэм’ераў.

Як і кожны канцэрт-пастаноўка Ларысы Сімаковіч гэтая імрэза — непаўторная, так што не прапусьціце.

Канцэрт фольк-тэатру «Госьціца» пройдзе 19 студзеня 2015 году ў малой залі КЗ «Мінск». Даведкі праз тэл. (029) 649-08-88, (017) 328-66-38.

Tuzin.fm

Архіўнае відэа. Музычны фільм «Госьціца», зьняты ў 1992 годзе