Лідэр Vuraj заснаваў новы музычны праект Harmonic Style (відэа)
3668 / 0
17.02.2015

Лідэр Vuraj заснаваў новы музычны праект Harmonic Style (відэа)

Разам з музыкамі Сяргей Доўгушаў падрыхтаваў праграму-прысьвячэньне Рыгору Барадуліну.

У Harmonic Style акром Сяргея ўдзельнічаюць такія музыкі, як Леанід Паўлёнак, Даша Трубіна, Яўген Курыльчык, Стася Кузьміч, Зіна Новікава, а таксама кампазытар і выканаўца Вячаслаў Пяцько. Адрозьненьне перадусім у музычнай падачы. На першым пляне гучыць гармонік, да якога далучаюцца баян, бубны, дудачкі ды сьпевы. Праект падрыхтаваў праграму, куды ўвайшлі 15 народных песень з Вушаччыны. Музыкі рыхтуюцца прадставіць яе у Белдзяржфілярмоніі 24 лютага — у дзень, калі народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну споўнілася б 80 гадоў. Яму ўласна гэты канцэрт і прысьвячаецца. Сяргей Доўгушаў быў асабіста знаёмы зь дзядзькам Рыгорам і атрымаў у падарунак укладзеную ім кнігу «Песьні матчыны з Вушаччыны». Сьпевы адтуль і сталі асновай праграмы. Пасьля жывога выкананьня, Harmonic Style зьбіраецца запісаць яе ў студыі. Сяргей Доўгушаў таксама мае намер развучыць гэтыя сьпевы разам з удзельнікамі «Сьпеўных сходаў», якія ён праводзіць.

Канцэрт адбудзецца на сцэне малой залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Замовіць і набыць квіткі можна праз касы філярмоніі або он-лайн.

Што да Vuraj, то на 27 лютага заплянаваная прэзэнтацыя кліпу гурта на песьню «Сасна пахілілася», які зьняў рэжысэр Арцём Лобач. У гэты дзень музыкі ўпершыню пакажуць відэаролік на публіку і сыграюць бясплатны канцэрт у Studio 67, а пасьля прэзэнтуюць яго ў межах відэачарту на Tuzin.fmПакуль што можна паглядзець тызэр.

Яшчэ: !OUT: Тузін сьпеваў ад дзядзькі Рыгора (аўдыё)

Tuzin.fm