Вольскі зьняў у Нідзе кліп пра «100 гадоў самоты» (відэа)
3756 / 0
30.04.2015

Вольскі зьняў у Нідзе кліп пра «100 гадоў самоты» (відэа)

Самая кранальная баляда Вольскага апошніх гадоў «Маё каханьне» атрымала сваё відэаўвасабленьне.

Гэтую песьню ўпершыню на публіку Вольскі сыграў падчас канцэрту ў Нью-Ёрку 28 сакавіка 2012 году. Тады яна была прадстаўленая як «100 гадоў самоты». У студыі Лявон разам з сваімі музыкамі запісваў яе некалькі разоў, шукаючы адпаведны гук — першая вэрсія была забракаваная, а той вынік, які задаволіў музыку, можна пачуць у альбоме «Грамадазнаўства». Як і сам запіс песьні, кліп быў зроблены ў суседняй Літве. Зьняла яго рэжысэрка Марыя Мяшкавайце, яна працавала ўжо з Вольскім, калі рабіла відэавэрсію яго віленскага канцэрту. Прэзэнтаваў ролік Вольскі на сайце NN.by.

Кліп на «Маё каханьне» зьнялі ў Нідзе — на беразе мора, а таксама ў лесе, што пацярпеў ад пажару. Ролі ў ім сыгралі літоўскія акторы Сімонас Шарскус ды Індрэ Павілоніце. Вольскі прадстаўляе гэтую песью, як дэпрэсіўную і ў той жа час аптымістычную. На яе стварэньне музыка натхніўся «сытуацыяй у краіне», тым і тлумачыцца супярэчлівасьць пачуцьцяў.

Tuzin.fm