Шуфуцінскі адмяніў канцэрт ля Мірскага замку. Замест яго выступяць Neuro Dubel i Akute
2415 / 0
09.06.2015

Шуфуцінскі адмяніў канцэрт ля Мірскага замку. Замест яго выступяць Neuro Dubel i Akute

Расейскі шансанье вымушаны быў адмовіцца ад выступу з-за сьмерці жонкі. Арганізатары «Вечароў ля Мірскага замку» вырашылі замест яго вечарыны правесьці рок-канцэрт.

Усяго за некалькі дзён да пачатку аднаго з канцэртаў з сэрыі «Музычныя вечары ля Мірскага замку» арганізатары з тэлеканалу АНТ сутыкнуліся з праблемай — заяўлены канцэрт Міхаіла Шуфуцінскага ня можа адбыцца, бо ў сьпевака памерла жонка. Замест гэтага вырашана было зладзіць рок-канцэрт. «Мы пэўныя ў тым, што трэба перамагаць абставіны і даць магчымасьць выступіць нашым рок-гуртам», — сказаў у камэнтары Tuzin.fm генэральны прадусар АНТ Сяргей Хоміч. Арганізатары здолелі за кароткі час дамовіцца на выступ з трыма гуртамі — Neuro Dubel, Akute і Nuteki. «Мы абралі найбольш цікавыя варыянты з тых, што мелі і спадзяемся, што слухачы прыйдуць на гэты канцэрт жывой музыкі. Тэхнічна мы да яго абсалютна гатовыя», — заявіў Сяргей Хоміч.

Канцэрт пройдзе ў ноч з 12 на 13 чэрвеня (а дакладней у гадзіну ночы 13 чэрвеня). Квіткі можна набыць па 65 000 руб.

Tuzin.fm