SP Kava пра Onyx, забаронены ў Беларусі: «Яны бязьлітасныя і жорсткія, і ў гэтым іх разынка»
1343 / 0
21.07.2015

SP Kava пра Onyx, забаронены ў Беларусі: «Яны бязьлітасныя і жорсткія, і ў гэтым іх разынка»

Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму забараніла правядзеньне канцэрту амэрыканскага гурту Onyx у Менску.

Як і ў выпадку з канцэртам Вайцюшкевіча, адмову падпісала начальнік упраўленьня культуры Віталіна Рудзікава. Адмоўлена арганізатарам канцэрту амэрыканцаў на той жа падставе — пункт 5 главы 2 указу кіраўніка дзяржавы №257, дзе вядзецца пра прапаганду вайны, экстрымізм, пагрозу нацыянальнай бясьпекі і здароўю грамадзян. Дакумэнт з адмоваю разьмешчаны на onliner.by. Ідэолягі традыцыйна не прывялі канкрэтныя прыклады творчасьці, у якіх угледзелі парушэньні.

Tuzin.fm папрасіў пракамэнтаваць забарону канцэрту Onyx у Беларусі беларускага рэпэра SP Kava. «Для аматараў олдсукулу гурт Onyx — легенда. Цяпер усё вельмі зьмянілася, але ў 90-я іх назву выдрапвалі на сьценах пад’ездаў. На расейкіх рэп-сайтах часта жартліва пішуць „русская народная группа Onyx“ праз шматлікія канцэрты, якія могуць адбывацца нават ня ў самых вялікіх гарадах, але ў Амэрыцы на дадзены момант гурт не такі знакаміты». SP Kava зазначае, што рэп Onyx бязьлітасны і жорсткі, і ў гэтым яго разынка: «Напрыклад, у сваім скандальным кліпе „React“ яны гуляюць у хакей, што было характэрна толькі для белых (як баскетбол для чорных), але такім чынам яны зьдзекваюцца зь белых расістаў, уздымаюць на агульнае абмеркаваньне агрэсію і праблемы ў адносінах паміж насельніцтвам тагачаснай Амэрыкі». Забараняць амэрыканскіх рэпэраў выступ у Беларусі — поўнае глупства, — мяркуе SP Kava. Пагатоў, Onyx выступаў ужо ў 2008 годзе на пляцоўцы менскага «Белэкспа» (гэта быў іх першы выступ на постсавецкай прасторы поўным складам). На восень у гурта заплянаваны шэраг канцэртаў у Эўропе.

Яшчэ: Эркі Сэпянэн з забароненай у Беларусі групы Kypck: «Прыемна, калі хочуць зразумець глыбіню тваёй творчасьці»

Tuzin.fm