Re1ikt выступіў на кінафэсьце «Нямыя ночы» ў Адэсе (відэа)
1688 / 0
24.08.2015

Re1ikt выступіў на кінафэсьце «Нямыя ночы» ў Адэсе (відэа)

Беларускія музыкі агучылі ўжывую беларускую кінастужку «У агні народжаная» з праекту «Тузін.Немаўля».

Выступам гурта Re1ikt адкрыўся шосты міжнародны кінафэстываль «Нямыя ночы», які ладзіць Нацыянальны цэнтар Аляксандра Даўжэнкі на беразе Чорнага мора ў Адэсе. Сёлета на фэсьце дэманстраваліся стужкі першых гадоў існаваньня савецкай улады, якія ў свой час падпалі пад цэнзуру, і якім цяпер, паводле новага ўкраінскага закону, пагражае забарона, як творам, што прапагандуюць камунізм. «Мы паўстаем супраць хоць якой формы нянавісьці — як палітычнай, так і культурнай, і хочам захаваць кінаспадчыну», — патлумачыў Tuzin.fm прэзыдэнт кінафэстывалю Іван Казленка.

Адкрыць «Нямыя ночы» было вырашана фільмам «У агні народжаная» рэжысэра Ўладзімера Корша з праекту «Тузін.Немаўля». Стужка была зьнятая да 10-годзьдзя ўтварэньня БССР, але не ўпісалася ў ідэалягічна-эстытычныя каноны таго часу — яе не прыняла крытыка, аўтара сцэнару Анатоля Вольнага неўзабаве расстралялі, а сам фільм быў «абяскоджаны» з ініцыятывы «Белдзяржкіно» ў 1937 годзе. Аўтарскі саўндтрэк прадставіў гурт Re1ikt. Музыкі ўразіліся ўзроўнем арганізацыі фэсту, вялікай цікавасьцю да яго з боку гледачоў і ўласна атмасфэрай. «Гэта быў цікавы досьвед — выступіць у імправізаваным вялікім кінатэатры на беразе мора і агучыць знакавы беларускі фільм. Публіка была вельмі ўважлівая і цікаўная, а сярод гасьцей быў нават Міхаіл Жванецкі», — распавядае лідэр Re1ikt Алесь Дземідзенка.

Гурт заяўляе, што з радасьцю выступіць з такім кінаканцэртам і на Радзіме, калі будзе такая нагода. Цяпер жа музыкі рыхтуюцца да прэзэнтацыі свайго новага альбому пад працоўнай назвай «Лекавыя травы». Рэліз прызначаны на восень гэтага году.

Tuzin.fm