«250». Вольскі, Хаменка, Пукст, RockerJocker, Naka стварылі песьні ў гонар Агінскага
2276 / 0
15.09.2015

«250». Вольскі, Хаменка, Пукст, RockerJocker, Naka стварылі песьні ў гонар Агінскага

Кампазыцыі беларускіх музыкаў прагучаць у праекце, прымеркаваным да 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага.

«Мы стварылі гэты праект, каб паказаць жывога чалавека і неадназначныя лініі яго лёсу, — кажа прадусар праекту Андрэй Ісачэнка. — Агінскі марыў служыць сваёй краіне і людзям і пражыў вельмі насычанае, драйвовае жыцьцё. Ад бліскучага дыплямата да палітэмігранта без дакумэнтаў. І праз 250 гадоў Агінскі адраджаецца ў беларускім праекце, поўным нечаканасьцяў, як і ўсё жыцьцё героя». Праект «250», які рэалізаваны пры падтрымцы фонду «Вяртаньне», аб’яднаў фота, відэа, скульптуру і музыку. Да юбілею слыннага кампазытара Ала Савашэвіч стварыла каменную скульптуру, Максім Сіры зьняў дакумэнтальны фільм, Міхаіл Лешчанка, Іван Бэсер і Андрэй Давыдчык падрыхтавалі фотапраекты з прысьвячэньнем, а шэраг беларускіх музыкаў запісалі песьні, аб’яднаныя эмоцыямі, выкліканымі у кожнага зь іх словам «Радзіма». У музычны праект, які мае асобную назву «Anima», увайшлі шэсьць песень на беларускай мове, якія выконваюць Алег Хаменка, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Уладзімер Пугач, гурты ili-ili і Naka і тры песьні на расейскай у выкананьні RockerJocker, Сяргея Пукста і Атмараві.

Праект стартуе 18 верасьня з выставы ў прасторы «ЦЭХ», а ў дзень нараджэньня кампазытара 25 верасьня ў бары «Хуліган» пройдзе канцэрт з удзелам Алега Хаменкі, Naka piano, ili-ili, Уладзімера Пугача, Сяргея Пукста, RockerJocker ды іншых.

Tuzin.fm