Выдадзены альбом з запісам гукаў сэрца Вольгі Гапеевай (аўдыё)
1632 / 0
12.10.2015

Выдадзены альбом з запісам гукаў сэрца Вольгі Гапеевай (аўдыё)

12 кастрычніка на італьянскім лэйбле Manyfeetunder выйшаў незвычайны рэліз.

Дыск пад назвай «Scriparrhythmia» — плён супрацы менскага экспэрымэнтальнага музыкі Дзьмітрыя Ладзеса (ака Aortha) і беларускай паэткі Вольгі Гапеевай. Дадзены рэліз уяўляе зь сябе запіс жывога аўдыёвізуальнага пэрформансу, які пабудаваны на гуках сэрца Вольгі, што апрацоўваліся шэрагам гукавых эфэктаў у рэжыме рэальнага часу, ствараючы імправізацыйную гукавую сэсію. Дзея прайшла ў красавіку ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» на фэсьце Artes Liberales.

«Для мяне гэта быў вельмі цікавы досьвед маніпуляцыі гукам жывога сэрца паэта ў рэжыме рэальнага часу. У той час, калі я маніпуляваў гукам, Вольга пісала свае вершы. Падчас выступу ўтварылася цесная эмацыйная сувязь паміж намі. Думаю, гэта менавіта тое, што і патрабавалася для добрай імправізацыі», — кажа Дзьмітры Ладзес.

Рэліз выйшаў на італьянскім лэйбле Manyfeetunder, што спэцыялізуецца на выданьні музыкі, у якой спалучаюцца элемэнты эмбіенту і электраакустычных экспэрымэнтаў.

Спампаваць «Scriparrhythmia» можна на старонцы лэйбла.