TonqiXod далучыўся да праекту «Тузін.Немаўля» (відэа)
1293 / 0
28.10.2015

TonqiXod далучыўся да праекту «Тузін.Немаўля» (відэа)

Гурт зацікавіўся беларускім нямым кіно 20—30-х гадоў XX cтагодзьдзя і цяпер піша саўндтрэк да стужкі «Нянавісьць» Юрыя Тарыча.

«Мы практычна ад пачатку свайго існаваньня цягнуліся да нямога кіно, выкарыстоўваем адмысловы відэашэраг на нашых выступах, які ўяўляе сабой нарэзку нямых фільмаў ад экспэрымэнтальных нямецкіх і францускіх стужак да фрагмэнтаў мясцовага кінамастацтва. Таму ідэя агучыць нешта зь першых беларускіх фільмаў для нас вельмі лягічная і як бы сама напрошваецца», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm вакаліст гурта Ўладзь Лянкевіч. Музыкі вырашылі  падтрымаць ідэю праекту «Тузін.Немаўля» і напісаць музыку да аднаго зь першых беларускіх кінафільмаў — палітычнай драмы «Нянавісьць» (1930), якую зьняў рэжысэр Юры Тарыч паводле цыклю раманаў польскага пісьменьніка Юліюша Кадэн-Бандроўскага.

«Вядома, бээсэсэраўскі кінэматограф канца 20-х — пачатку 30-х у вялікай ступені агітацыйны, вельмі „ідэалягічна правільны“, таму ўспрымаць яго без кантэксту часу цяжка, але ў многіх стужках хапае проста прыгожых сцэнаў і кадраў, менавіта графічнасьць выяваў і ўхопленае імгненьне вабіць у іх найбольш. Пастараемся з дапамогай саўндтрэку хоць на момант вырваць гэтыя фільмы зь мінулага, бо яны вартыя таго», — зазначае Ўладзь.

Першы паказ стужкі «Нянавісьць» з музыкаю TonqiXod пройдзе ў Віцебску 12 сьнежня ў межах першага фэстывалю нямога кіно і экспэрымэнтальнай музыкі «Кінапалёт». Падрабязнасьці пра гэтую падзею — неўзабаве на Tuzin.fm.

ЯшчэСкандал! Tonqixod адмовіўся ад кліпа на «Насыпаць горы» (відэа)

Tuzin.fm, фота Яўгена Ярчака