Андрэй Курэйчык: «Аб’ём асобы ў музыкаў куды большы, чым у прафэсійных актораў»
1988 / 0
13.11.2015

Андрэй Курэйчык: «Аб’ём асобы ў музыкаў куды большы, чым у прафэсійных актораў»

Фільм «Гараш» з удзелам вакалістаў гурта Neuro Dubel Аляксандра Кульлінковіча і Юрыя Навумава стаў адным з самых яскравых момантаў кінафэстывалю «Лістапад».

Стужка была паказана чатыры разы цягам фэстывалю і кожны раз з аншлягам. Агулам яе паглядзелі каля 1500 гледачоў. «Для нас саміх было поўнай нечаканасьцю зьяўленьне фільму ў праграме, мы наогул не плянавалі яго выхаду на вялікі экран, разьлік быў на інтэрнэт», — сказаў Андрэй Курэйчык. Рэжысэр дадаў, што ён рады таму, што «Гараш» выклікаў абсалютна палярныя меркаваньні, бо на гэта і быў разьлік: «Мы рабілі гэтае кіно ня дзеля камэрцыі, а каб выклікаць дыскусію на тэму якім мусіць быць нашае нацыянальнае кіно».

Курэйчык застаўся вельмі задаволеным супрацаю з вакалістамі гурта Neuro Dubel і надалей зьбіраецца запрашаць у свае кінапраекты беларускіх музыкаў. «Мінулы праект „Вышэй за неба“ быў з удзелам Вінсэнта ў адной з галоўных ролей. Атрымалася вельмі клёва. Цяпер задзейнічалі больш сталае пакаленьне — Кульлінковіча і Навумава, ды яшчэ Забелава. Канечне, гэта складаны вопыт, бо прафэсійныя акторы хутчэй прыходзяць у форму, больш дакладна працуюць у кадры. Тут бачныя шурпатасьці акторскай гульні, але зь іншага боку аб’ём асобы ў гэтых музыкаў куды большы, чым у шмат якіх прафэсійных актораў. І на гэта вельмі цікава глядзець», — зазначыў рэжысэр у камэнтары парталу Tuzin.fm.

Стваральнік «Гараша» мае намер і надалей супрацоўнічаць зь беларускімі незалежнымі музыкамі ў межах сваіх кінапраектаў.

Яшчэ:  Відэа пра Менск, каханьне і мэтафарычную вайну

Tuzin.fm