Дзіма Іваноў з «Адыс Абэбы» пакідае Беларусь (відэа)
1470 / 0
02.12.2015

Дзіма Іваноў з «Адыс Абэбы» пакідае Беларусь (відэа)

Музыка дае апошнія канцэрты перад ад’ездам у Віетнам. На жаль, разьвітальны выступ у Менску быў адменены.

«9 сьнежня я зьяжджаю на сталае месца жыхарства ў Віетнам да сям’і», — заявіў праз сацыяльныя сеткі лідэр «Адыс Абэбы». Перад ад’ездам ён вырашыў даць некалькі канцэртаў у Беларусі і Расеі. Але яго выступ, заплянаваны 1 сьнежня ў бары Beer&Vine, не адбыўся. На наступны дзень музыка прынёс слухачам прабачэньні. «Удзень стала кепска з сэрцам, у хуткай сказалі, што празь ператамленьне і недасып арганізм ня даў рады, бо менш чым за два месяцы было больш за 20 канцэртаў», — патлумачыў на наступны дзень музыкант. Яго акустычныя сольныя выступы маюць прайсьці яшчэ ў Калузе 4 сьнежня і ў Маскве 6 сьнежня.

Пра будучыню гурта «Адыс Абэба» і свае творчыя намеры Дзіма пакуль нічога канкрэтнага ня кажа, але зусім нядаўна ён прызнаўся ў камэнтары парталу Tuzin.fm: «Мне здаецца, я абавязаны размаўляць на роднай мове і пісаць у далейшым на ёй песьні, я яе забыў, але мяне слухае шмат людзей і я маю абавязак як беларус зрабіць так, каб маю мову і культуру памяталі пасьля мяне. Я памру і гурт забудуць, але будзе куды горш, калі людзі забудуць сваю культуру і карані».

Tuzin.fm