Гурт BosaeSonca выдаў альбом «Unplugged 2» (аўдыё)
2024 / 2
10.12.2015

Гурт BosaeSonca выдаў альбом «Unplugged 2» (аўдыё)

Рэліз канцэптуальна працягвае традыцыі папярэднага альбому «Адпусьці» — усе партыі запісаныя ўжывую падчас канцэрту ў студыі.

Але ў адрозьненьне ад працы «Адпусьці», які быў прызнаны «Найлепшы беларускамоўным альбомам 2013 году» па вэрсіі Experty.by, у гэтым альбоме ўзялі ўдзел толькі два музыкі — Алесь Кот-Зайцаў і Алесь Ясінскі. «Мы нібы зрабілі працяг папярэдняга рэлізу, але зьмянілі канцэпцыю з „аркестровай“ на максымальна камэрную, запісаўшы цэлы дыск дуэтам. Такое гучаньне нам падалося таксама прывабным і мы вырашылі запісаць у якасьці экспэрымэнту цэлы альбом», — тлумачыць Алесь. Запіс адбыўся на студыі «Everest» у Менску. У рэліз ўвайшло 11 трэкаў. Большасьць зь іх — абсалютна новы матэрыял. У дыск уключаны таксама дзьве песьні з папярэдняга рэлізу і кавэр на песьню гурта Sigur Ros. У дадатак да аўдыё было таксама зьнятае жывое відэа на песьню «Ruki na vadzie».

Алесь Кот-Зайцаў цяпер жыве ў Варшаве і вучыцца ў Акадэміі фатаграфіі. Аднак, пры гэтым зазначае, што ані з музыкаю, ані зь Беларусьсю разьвітвацца не зьбіраецца. «Зь любімым заняткам і Радзімай мяне якраз і лучыць BosaeSonca, так што нягледзячы на цяжкасьці і адлегласьці мы працягваем працаваць разам», — заявіў у камэнтары Tuzin.fm Алесь. Гурт пачаў ужо працу над новымі трэкамі, якія ўвойдуць у наступны рэліз.

Tuzin.fm, фота Міхаіла Лешчанкі

КАМЕНТАРЫ: