«Менск-непераменск». Гарадзенцы з Autonomicon сьпелі пра цёмны бок сталіцы (прэм’ера)
1531 / 0
20.01.2016

«Менск-непераменск». Гарадзенцы з Autonomicon сьпелі пра цёмны бок сталіцы (прэм’ера)

Гурт Autonomicon пры ўдзеле заснавальніка Earworm Андрэя Куцко прадставіў самотнік «Менск-непераменск».

Назва песьні зьяўляецца нэалягізмам. Лідэр Autonomicon Дзяніс Трусаў (на здымку) кажа, што з дапамогай твору хацеў перадаць «цёмны бок сталіцы». Тэкст у яго нарадзіўся падчас шпацыру па Менску. «Атрымалася, ведаеце, як у кампутарнай гульні Silent Hill, дзе горад паказаны вачыма чалавека зь цяжкай дэпрэсіяй. Гэта горад-маўчун, ён прыгожы, але і абыякавы адначасова. Амаль кожны пачуваецца ў вялікім горадзе няёмка і самотна, але калі ты разумееш, што гэтак жа сябе пачуваюць і людзі наўкол, то ты ўжо можаш працягнуць руку на дапамогу іншым», — зазначае Дзяніс. Трэк «Менск-непераменск» анансуе новы альбом яго гурта, які будзе пераважна беларускамоўным.

Гурт Autonomicon існуе з 2004 году. Працуе ў стылі экспэрымэнтальнага нойзу, індастрыялу ды ню-вэйву. На рахунку ў музыкаў пяць альбомаў і ЕР ды супраца зь іншымі камандамі, такімі як Earworm, «Погост», «Мигающий жёлтый», Noisy Gasoline (PL) на польскай, ангельскай і расейскай мовах.

Tuzin.fm