Гурт «Иго» прадставіў песьню пра «Мову» — «дурніцу, якая нікому не патрэбная» (аўдыё)
2316 / 0
05.04.2016

Гурт «Иго» прадставіў песьню пра «Мову» — «дурніцу, якая нікому не патрэбная» (аўдыё)

Словы да кампазыцыі гарадзенскай гард-рок каманды напісаў праваслаўны сьвятар — айцец Павал Касьпяровіч.

Айцец Павал — даўні сябар гурту. Сам у былым рок-музыкант, ён захапляўся расейскай паэзіяй, любоў да беларускага слова прыйшла да яго ўжо ў сталым узросьце. Сёлета на Раство гурт «Иго» прэзэнтаваў песьню на яго словы «Каляда», а цяпер паказаў новы твор — «Мова», у якім музыкі разважаюць пра стан беларускай мовы і канстатуюць, што цяпер яна захоўваецца ў слоўніках, а для студэнтаў і школьнікаў стала праклёнам. «Кожны з нас з гонарам і павагай ставіцца да нашай культуры, гісторыі і мовы. У сваіх песьнях мы выкарыстоўваем традыцыйныя народныя напевы, фальклёрныя матывы. Мова — гэта стан унутры, гэта павага да спадчыны, таму трэба пачынаць зь сябе, са сваёй сям’i», — так прадстаўляе песьню «Мова» вакалістка гурту Вольга Лук’ян (Шлавянец). Гурт зьбіраецца працягваць супрацу з айцом Паўлам, у якога яшчэ нямала ідэяў.

Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Яшчэ: Айцец Павал Касьпяровіч: «Музыкай можна шанаваць Хрыста, а можна зьдзеквацца»

Алесь Дзянісаў, Tuzin.fm