«Pragnavit» пакажа «Скарбы зьмяінага караля» (аўдыё)
3391 / 0
11.04.2016

«Pragnavit» пакажа «Скарбы зьмяінага караля» (аўдыё)

Новы альбом культавага дарк-эмбіент гурту створаны паводле паэзіі Анатоля Сыса.

Чацьверты альбом у дыскаграфіі каманды завецца «Skarby Zmiainaha Karala». Яго рэліз адбудзецца на лэйблах Crivia Record і Possession Production 30 красавіка адразу ў двух фарматах — дыгібукам і калекцыйным, у адмысловай драўлянай скрынцы з шэрагам бонусаў. Выдаўцы кажуць, што налета «Pragnavit» адзначае 20-годзьдзе, таму напярэдадні гэтай падзеі парупіліся пра падарункі для прыхільнікаў.

Лідэр гурту Voist Angiras у камэнтары для Tuzin.fm, патлумачыў так ідэю альбому: «Скарбы зьмяінага караля ёсьць міфічным рогам, што пакідае Зьмяіны Цар са сваёй кароны таму, хто годна ўславіць старажытнага крыўскага Ўладара хтанічнай прасторы. У сівым паданьні той, хто атрымае гэты скарб — авалодае патаемнай мовай сваіх татэмных правадыроў, што адчыняюць магічную сакральную Прастору Крыўі».

Напярэдадні выхаду альбому «Pragnavit» паказаў адзін з новых трэкаў, які завецца «Zamknjonyja koŭraty Jaryły». Перадзамову на рэліз можна даслаць на мэйл order.stigmata@gmail.com.

Папярэдні альбом «Pragnavit» пад назвай «Svietacjam» пабачыў сьвет 10 гадоў таму і стаўся ўжо ўзорным у сваім стылі. Кампазыцыя «Ў маёй крыві» зь яго перамагала ў чарце на «Тузіне Гітоў» і ўвайшла ў топ-30 найлепшых песень сэзону 2007/2008.

Tuzin.fm