Гітарысты зьбіраюцца выйсьці на Плошчу (відэа)
1961 / 0
02.05.2016

Гітарысты зьбіраюцца выйсьці на Плошчу (відэа)

1 траўня прайшоў першы «Minsk Thanks Jimi Festival». Яго ўдзельнікі спрычыныліся да сусьветнага рэкорду.

7356 гітарыстаў сыгралі разам кампазыцыю «Hey Joe» Джымі Гэндрыкса. Такім чынам абноўлены сусьветны рэкорд па колькасьці ўдзельнікаў аркестра, які грае сынхронна он-лайн, які складаў 7344. Падзея адбылася дзякуючы арганізатарам фэсту Thanks Jimi, які праходзіць штогод 1 траўня ва Ўроцлаве. За 13 гадоў да яго далучыліся і шэраг іншых эўрапейскіх гарадоў. Сёлета ўпершыню сярод іх была беларуская сталіца, дзе прайшоў першы «Minsk Thanks Jimi Festival». Больш за 30 вядучых беларускіх гітарыстаў далучыліся да міжнароднага аркестра он-лайн. Вакальную партыю выканалі лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч і Андрэй Казлоўскі, гітарыст гурту «Сузор’е».

Цікава, дарэчы, што арыгінальны тэкст «Hey Joe» сёлета з дазволу праваўладальнікаў быў зьменены адмыслова для гэтай падзеі. У арыгінале пяялася пра тое, што Джо ідзе зь пісталетам забіваць сваю няверную жонку, а ў новай міралюбівай вэрсіі Джо ёй не жадае сьмерці. Ігар Варашкевіч з гэтай нагоды пажартаваў, што варта зрабіць беларускую вэрсію — пра Жорыка зь віламі.

Наступны «Minsk Thanks Jimi Festival» яго арганізатары маюць намер правесьці больш маштабна. «Ва Ўроцлаве ды іншых эўрапейскіх гарадах выходзяць тысячы людзей. Мы таксама частка Эўропы і мусім быць далучаныя да гэтага працэсу. Таму ў нашых плянах таксама правесьці наступны фэст на Плошчы ў Менску», — сказаў Tuzin.fm адзін з арганізатараў фэсту Сяргей Трухановіч.

Tuzin.fm, фота Тацяны Менскай, відэа Яўгена Шапчыца