«Небасхіл» — самотнік стадыённага размаху ад «Сразу май» (прэм’ера)
1690 / 0
12.05.2016

«Небасхіл» — самотнік стадыённага размаху ад «Сразу май» (прэм’ера)

Гурт зь Берасьця «Сразу май» прэзэнтуе на Tuzin.fm свой першы беларускамоўны рэліз.

Музыкі кажуць, што не бяруцца вынаходзіць ровар у музыцы і проста дзеляцца сваімі думкамі, эмоцыямі і натхненьнем. «Мы не замыкаемся ў пэўных жанравых межах, кожная песьня мае свой настрой. Толькі што цяжкасьць, злосьць і агрэсія — гэта не пра нас. Галоўнае, каб нашы песьні мелі водгук у слухачоў», — зазначае з нагоды прэм’еры «Небасхілу» на Tuzin.fm лідэр каманды Сяргей Стэцюк. Гэта першы беларускамоўны рэліз ад «Сразу май», але ня першая песьня. Музыкі выконвалі таксама ў акустыку твор «Шчасьце», маюць нямала іншых напрацовак. «На якой мове зьявіцца песьня, вядома толькі ёй, гэта не ад мяне залежыць», — кажа Сяргей, які ёсьць аўтарам усіх кампазыцыяў гурту.

Трэк «Небасхіл» музыка прадстаўляе, як «зборнік эмоцыяў чалавека, які адчувае неверагодную патрэбу ў існаваньні побач зь іншым чалавекам, аб тым унутраным стане, калі нічога іншага ня трэба, а толькі дыхаць з каханай адным паветрам».

Гурт «Сразу май» заснаваны ў Берасьці ў сьнежні 2013 году. Выдаў альбом «Компас», зьняў кліп, які знаходзіцца ў ратацыі «БелМузТв», актыўна выступае, зладзіў два сольныя канцэрты ў сваім горадзе. Цяпер працуе над новым відэа і другім поўнафарматнікам. Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку. Музыкі, дарэчы, паабяцалі ў ёй выкласьці 16 траўня яшчэ адзін свой новы трэк.

Tuzin.fm