Лізавета Леўчык заснавала гурт і рыхтуе EP з кліпам (відэа)
2164 / 0
25.05.2016

Лізавета Леўчык заснавала гурт і рыхтуе EP з кліпам (відэа)

Ляўрэатка першага конкурсу «Засьпявай.by» стварыла гурт BarRokka.

Лізавета Леўчык зь песьняю на верш Тацяны Сапач «Адзінота» была названая ў ліку ляўрэатаў «Засьпявай» у 2014 годзе. Тады сьпявачка была адна, таму на фінальным канцэрце ёй дапамог гурт TonqiXod. «Я працягвала пісаць песьні і надалей, але збольшага амаль што ў стол, — кажа Лізавета. — Трошкі пазьней прапанавала сваёй знаёмай скрыпачцы паграць разам са мной, потым далучыліся іншыя ўдзельнікі, нехта сышоў, нехта прыйшоў і ўрэшце цяпер можна сказаць, што маем стабільны склад». Разам зь Леўчык (вакал, фартэпіяна) у гурце BarRokka граюць Сяргей Садаў (акардэон), Іван Новікаў (бубны), Віктар Палешчук (кантрабас).

Менавіта ў такім складзе музыкі ўпершыню зьявіліся на публіцы 22 сьнежня 2015 году на разагрэве ў гурта «Разьбітае сэрца пацана» ў «Графіці». Сёлета ў сакавіку адбыўся першы сольны канцэрт у тым жа месцы, а 31 траўня — зноў жа ў «Графіці» — гурт рыхтуецца прэзэнтаваць новую канцэртную праграму, самотнік і дэбютнае відэа. «Стыль нашай музыкі не атрымліваецца адназначна выявіць. Мы ўвесь час так ці інакш экспэрымэнтуем з нашым гукам. Напэўна незвычайны склад таксама гэтаму спрыяе. Але ў нашых мэтах стаць нечым самабытным у беларускай музыцы», — зазначае Лізавета.

Сачыць за навінамі гурта BarRokka можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm