Вольскі вырашыў не называць суму, сабраную на альбом — «каб не раздражняць»
1400 / 0
06.07.2016

Вольскі вырашыў не называць суму, сабраную на альбом — «каб не раздражняць»

Але і бяз гэтага яго краўдфандынгавую кампанію можна лічыць самай пасьпяховай у гісторыі беларускай музыкі.

Збор сродкаў на новы сольны альбом Лявона Вольскага распачаўся сёлета ў сакавіку і толькі цяпер музыка заявіў, што сабрана 100% неабходнай сумы. Колькі менавіта? «Усіх чамусьці найперш цікавіць менавіта гэтае пытаньне. Як бачыце, народ падтрымлівае і без названых канкрэтных лічбаў, якія заўжды кагосьці будуць раздражняць», — зазначыў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm. Вольскі расчулены такой падтрымкай — грошы дасылалі зь беларускіх гарадоў, мястэчак, вёсак, практычна з кожнага штату ЗША, шматлікіх эўрапейскіх краінаў, а таксама з Расеі, Сынгапуру, ААЭ, Аўстраліі, Новай Зэляндыі, Ганконгу, Чылі, Паўднёвай Карэі. Сабраных грошай хопіць на працу над новым альбомам у Вільні (частка песень ужо запісана), а таксама на промазахады, у тым ліку і кліп, які будзе зьняты пры ўдзеле тых людзей, якія ахвяравалі грошы.

Лявон не бярэцца сказаць калі выйдзе ягоны альбом: «Плянаваць дый яшчэ агучваць свае пляны — справа няўдзячная. Некалькі разоў я называў час выхаду розных сваіх альбомаў. Кожны раз тэрміны ссоўваліся, адзін раз аж на год, калі ня болей».

Цяпер Вольскі шчыльна заняты ў працы над канцэртам «Народны альбом. 20 год», які ладзіць тэлеканал «Белсат» 4 верасьня ў Беластоку. Магчыма, у жніўні музыка дасьць невялікі канцэрт у Менску.

Tuzin.fm