«Народны альбом» у Беластоку — бясплатныя квіткі і візы для беларусаў
1693 / 0
17.08.2016

«Народны альбом» у Беластоку — бясплатныя квіткі і візы для беларусаў

З нагоды 20-годзьдзя «Народнага альбому» 4 верасьня ў Падляскай опэры Беластоку тэлеканал «Белсат» ладзіць канцэртную прэм’еру юбілейнай вэрсіі праекту.

За музычную частку «Народнага альбому» традыцыйна адказвае Лявон Вольскі. Разам зь ім засьпяваюць і іншыя вакалісты арыгінальнага складу праекту: Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Памідораў, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая. Агулам у праекце будзе задзейнічана больш за 20 беларускіх музыкаў — такога вялікага складу ў праекту яшчэ не было.

Разам з музычнай будзе пашырана і візуальная частка праекту. За гэта адказвае вядомы польскі тэлевізійны рэжысэр Конрад Смуга, які працаваў на многіх буйных праектах галоўных тэлеканалаў Польшчы — TVP 1, TVP 2, Polsat. Ён плянуе максымальна скарыстаць тэхнічныя магчымасьці Падляскай опэры — адной з самых сучасных канцэртных пляцовак Польшчы. Над элемэнтамі мастацкага аздабленьня, сцэнаграфіяй і касьцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і стваральнік ідэі «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў.

«Апошні раз мы гралі „Народны альбом“ у 2008 годзе. Новая вэрсія будзе канцэптуальна адпавядаць клясычнай, але з рэалізацыяй на іншым якасным і тэхнічным узроўні, — распавядае Лявон Вольскі. — Ужо ідуць рэпэтыцыі і пакуль што па музычнай частцы я ўсім вельмі задаволены. Візуальную частку распрацоўвае польскі бок, там таксама ўсё вельмі амбітна».

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы камэнтуе: «Для нас гэта вялікі выклік і найвялікшы за шмат гадоў творчы праект, які робіць „Белсат“. Мы падумалі, што такой культавай зьяве, песьні зь якой у Беларусі ведае амаль кожны, трэба надаць прафэсійную форму, якую яна заслугоўвае і на якую ніколі да гэтага не хапала грошай і магчымасьцяў».

Квіткі на канцэрт для беларусаў будуць бясплатнымі. Каб атрымаць квіток і візавую падтрымку, трэба зарэгістравацца на адмысловай старонцы сайту тэлеканала «Белсат», слушна адказаўшы на некалькі пытаньняў пра песьні «Народнага альбома».

Візавая падтрымка дазваляе ўладальнікам квіткоў атрымаць візы без аплаты консульскага збору (асобы да 25 гадоў) і за 50% консульскага збору (ад 25 гадоў). Падаць на візу можна будзе ў Візавых цэнтрах Рэспублікі Польшча ў Менску, Берасьце і Горадні без электроннай рэгістрацыі. Паслуга падачы платная — 15 эўра. Падрабязнасьці будуць дасылацца на электронную скрыню разам з квіткамі.

Tuzin.fm