Дзяніс Кудраўцаў трапіў у амэрыканскі праект OneBeat (аўдыё)
3969 / 0
07.09.2016

Дзяніс Кудраўцаў трапіў у амэрыканскі праект OneBeat (аўдыё)

Упершыню ў пяцігадовай гісторыі музычнага праекту ў ім бярэ ўдзел беларус.

Беларуса Дзяніса Кудраўцава адабралі з трох тысячаў музыкаў з усяго сьвету для ўдзелу ў праекце OneBeat. Праект ладзіцца пяты год пры падтрымцы Бюро па справах адукацыі і культуры Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Кожную восень ён зьбірае музыкаў (узростам 19—35 гадоў) з усяго сьвету ў ЗША, каб цягам месяца сумесна ствараць арыгінальную музыку, а таксама распрацоўваць стратэгіі сацыяльнае актыўнасьці, заснаваныя на мастацтве. Арганізатары кажуць, што грамадзянін Беларусі ў праекце OneBeat удзельнічае ўпершыню.

Разам зь Дзянісам Кудраўцавым удзел у праекце бяруць 25 чалавек. Ужо заўтра ён ляціць у Амэрыку, каб два тыдні пісаць музыку, а потым яшчэ два тыдні гастраляваць. Тур інтэрнацыянальнага бэнду пройдзе ад Новага Арлеану да Чыкага. Дзяніс Кудраўцаў — мультыінструмэнталіст, аўтар песень, задзейнічаны ў шэрагу андэграўндных калектываў («Віктар Сямашка і кумпанія», The Bangalors, Masque Noir, Yellow Power), жыве ў вёсцы Сінія Горы пад Менскам. Сёлета ён таксама адзначыўся тым, што зьняў найлепшы буктрэйлер беларускай літаратуры да кнігі Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве».

Старонка Дзяніса Кудраўцава на сайце праекту

Tuzin.fm