Раман Арлоў стварыў фольк-рок опэру пра Ўсяслава Чарадзея (тызэр)
1927 / 0
18.11.2016

Раман Арлоў стварыў фольк-рок опэру пра Ўсяслава Чарадзея (тызэр)

Лідэр праекту «У нескладовае» выступіў аўтарам словаў і музыкі да пастаноўкі, якая будзе паказана ўпершыню на вялікай сцэне дзяржаўнай філярмоніі.

Над напісаньнем гэтага маштабнага твору Раман працаваў каля чатырох гадоў. «Асоба Ўсяслава Чарадзея недаацэненая ў нашым грамадзтве, у Менску нават няма помніка яму. Таму мы вырашылі, што мюзыкл, як сучасная музычная форма, дапаможа падвысіць значнасьць гэтай асобы, асабліва сярод моладзі», — патлумачыў сваю задуму парталу Tuzin.fm аўтар. Праект быў падтрыманы прыватнымі спонсарамі, але бюджэт не дазволіў паставіць паўнавартасны мюзыкл, таму абраны фармат «фольк-рок опэры», у якой злучыцца жывая музыка, харавыя сьпевы, элемэнты харэаграфіі.

У праекце задзейнічаны студэнцкі хор, тэатар танцу «Альтана», запрошаныя музыкі, сярод якіх Канстанцiн Гарачы, Яўген Чалышаў, Карэн Карапецян, Юры Вялюга («Харошкі»), Яўген Сьцяпанаў (The Road Dogs), салісты філярманічнага ансамблю «Купалінка» Уладзімер Сьцепанкоў (акурат ён будзе граць Усяслава Чарадзея) і Вольга Касцючэнка, а таксама вакалістка гурта «У нескладовае» Кацярына Поцюс. Рэжысэрам выступіў Уладзімер Арцімедаў.

Прэм’ера фольк-рок опэры мае адбыцца 26 лістапада ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Падрабязнасьці — у нашай афішы.

Tuzin.fm, фота Платона Македонскага