Вайцюшкевіч і Някляеў дадуць юбілейны канцэрт у Вільні
2328 / 0
28.12.2016

Вайцюшкевіч і Някляеў дадуць юбілейны канцэрт у Вільні

4 сакавіка 2017 году Зьміцер Вайцюшкевіч, паэт Уладзімер Някляеў і WZ-Orkiestra дадуць вялікі супольны канцэрт у Вільні з праграмай «Нашы каханыя».

Канцэрт прымеркаваны да 10-годзьдзя супрацоўніцтва Вайцюшкевіча і Някляева, якое пачалося з альбому «Танга з ружай» у 2006 годзе і працягваецца дагэтуль. Музыка падтрымаў паэта, калі той вырашыў балятавацца ў 2010-м на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Праз гэта і трапіў пад забарону. Ужо шэсьць гадоў як у межах Беларусі, і Вайцюшкевіч, і Някляеў маюць праблемы з тым, каб легальна прэзэнтаваць свае творы. Але ніхто зь іх ні пра што не шкадуе. «Я вельмі шчасьлівы, што наш праект перарос у сяброўства і сталы творчы тандэм кампазытара і паэта, што цяпер бывае вельмі рэдка. Упершыню мы робім супольную музычна-паэтычную праграму, дзе будзе і найлепшае, і новае, і нечаканае, як ад мяне з музыкамі, так і ад Уладзімера Пракопавіча як паэта. Дадатковая прыемнасьць яшчэ ў тым, што наш выступ прыпадае на літоўскае сьвята Казюкас, што гарантуе дадатковыя флюіды радасьці і шчасьця», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Зьміцер Вайцюшкевіч «На каляды» (словы Ўладзімера Някляева)

Дзякуючы падтрымцы МЗС Літвы беларусы маюць магчымасьць атрымаць бясплатную візу, каб трапіць на гэты канцэрт. Бясплатная віза (бяз консульскага збору) з тэрмінам дзеяньня з 3 да 5 сакавіка ўключна выдаецца грамадзянам Беларусі на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Падаць дакумэнты на бясплатную візу трэба ад 15 студзеня да 15 лютага ўключна. Парадак разгляду візавых хадайніцтваў спрошчаны, таму даведкі зь месца працы/навучаньня, пацьверджаньні платаздольнасьці не патрабуюцца. Пакрокавая інструкцыя — тут. Падрабязьней — у нашай афішы. Інфалінія ў Беларусі: +375 29 628-41-14.

Tuzin.fm