Новы беларускамоўны гіт «J:морс» аб’яднаў спартовых фанатаў (відэа)
1512 / 0
03.01.2017

Новы беларускамоўны гіт «J:морс» аб’яднаў спартовых фанатаў (відэа)

Заўзятары пяці беларускіх спартовых клюбаў сумесна выканалі ў якасьці навагодняга віншаваньня новую песьню «Блізка».

У акцыі ўзялі ўдзел прыхільнікі хакейнага «Дынама», гандбольнага СКА, футбольнай каманды «Крумкачы», міні-футбольнай каманды «МАПІД» і гандбольнага клюбу імя Мяшкова зь Берасьця. Праект ініцыяваў партал TUT.BY. Песьня пра важныя і блізкія кожнаму рэчы аб’яднала розныя віды спорту і нават заўзятараў з клюбаў-супернікаў. Падтрымаць удзельнікаў акцыі прыйшлі і самі музыкі «J:морс». «Людзей падзяляюць умоўнасьці, сацыяльныя і іншыя міты, тое, што ім убіваюць у галаву, Як толькі пачынаецца размова пра прыродныя інтуітыўныя рэчы, межы зьнікаюць. Становіцца зразумела, што ёсьць шмат рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць», — пракамэнтаваў гэтую падзею Ўладзімер Пугач.

Сваю новую песьню «Блізка» музыкі з «J:морс» прэзэнтавалі напярэдадні Калядаў у выглядзе кліпу. Відэа ўжо набрала ў розных сацыяльных сетках больш за 40 тысяч праглядаў. Гэта першы сынгл з новага альбома «J:морс», выхад якога заплянаваны на восень 2017 году. Канцэртная прэм’ера кампазыцыі адбудзецца 14 лютага ў менскім Prime Hall. Падрабязнасьці — у нашай афішы.

Tuzin.fm