3357 / 1
16.06.2014

Корань і Тарасэвіч ушчэнт спляжылі «Басовішча» (відэа)

Лідэр гурта Ulis і вядомы на ўвесь сьвет польскі мастак беларускага паходжаньня жорстка выказаліся адносна цяперашняга фэстывалю музыкі маладой Беларусі.

Вячаслаў Корань і Лёнік Тарасэвіч былі пры арганізацыі першых фэстываляў «Басовішча» на пачатку 90-х. Фэст ладзіўся заўсёды ў тым жа месцы — ва ўрочышцы Борык, што ля польскага Гарадку, непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Якраз побач жыве Тарасэвіч, у доме якога спынялася частка музыкаў. І Кораня, і Тарасэвіча можна пабачыць на фэсьце ледзьве не штогод, але цяпер яны настроеныя ў адносінах «Басовішча» вельмі скептычна.

«Гэты фэст дэградаваў і стаў такім фэстам для шкаляроў — з аднаго боку з-за арганізатараў, зь іншага — з-за ўдзельнікаў. Узровень як беларускіх, так і польскіх калектываў на „Басовішчы“ зьнізіўся. І цяпер ён стаў такім местачковым фэстывалем, які робіцца Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў — беларускім асяродзьдзем на Беласточчыне. Там няма прафэсійнага падыходу», — заявіў лідэр Ulis у інтэрвію «Эўрарадыё» і зазначыў, што адмовіўся ад супрацы зь цяперашнімі арганізатарамі фэсту. Музыка дадаў, што ён ужо ні пра што ня марыць у сувязі з «Басовішчам», бо «на фэстывалі існуе аднолькавы падыход, і ён ніколі ня зьменіцца».

Падтрымаў свайго паплечніка і Лёнік Тарасэвіч: «Інтэлектуальны ўзровень у „Басовішча“ быў пакуль выступаў Ulis. Фальклёрныя і поп-гурты як не цікавілі мяне раней, так і не цікавяць сёньня. Фэстывалем займаюцца маладыя людзі, якія ня могуць прыдумаць ніякай новай формы для „Басовішча“, а старая была прыдуманая 25 гадоў таму!»

Сёлета фэст пройдзе ў 25 раз. Арганізатары паступова абвяшчаюць тых, хто выйдзе на сцэну 18—19 ліпеня. Пакуль названыя толькі тры выступоўцы — «Крама», R.U.T.A. і этна-трыё «Троіца».

Tuzin.fm

На відэа, прадастаўленым Tuzin.fm паэтам Алесем Аркушам: сумесная песьня гуртоў «Мроя» і «Мясцовы час» на фэсьце «Басовішча-1992».

КАМЕНТАРЫ: