Знак бяды
4812 / 0
11.08.2014

Ліцьвіны граюць у Hok-key

На дваццаты год існаваньня ўдзельнікаў мэтал-банды Hok-key занепакоіў стан айчыннай культуры, у выніку чаго паўстаў найлепшы альбом у іх дыскаграфіі, названы «Знак бяды».

Гэтым знакам, на думку музыкаў, ёсьць тое, што беларусы досыць абыякавыя да сваіх каранёў, мовы ды культуры. Таму прысьпеў час таких песень — з прывітаньнем адраджэнцам пачатку XX стагодзьдзя: «Кiдай каменьне са сваёй шыi, уздымiся на ногi ды выпрастайся. Сонца ўзыходзiць — вось зь iм i вiтайся». Якраз зь песьні «Спадчына», выдадзенай на аднайменным сынгле тры гады таму, і пачаўся рух аднаго з найстарэйшых мэтал-гуртоў краіны да беларускага альбому. У сярэдзіне 90-х музыкі гралі малаўцямны сьцёб-мэтал (тады яны зваліся «H.ok-key»), гурт колькі разоў зьмяняў стыль, склад, разыходзіўся, сыходзіўся зноў, а таму першы альбом запісаў толькі ў 2007-м. Hok-key таксама запомніўся добрай дуэтнай кампазыцыяй «Уздымем нашы сьцягі», запісанай разам зь лідэрам Vicious Crusade Зьмітром Басікам ды мэтал-кавэрам на «Перемен» Цоя.

«Знак бяды» — альбом грунтоўны, зроблены з думкаю, уменьнем ды эмоцыяй. Адчувальна, што праца над песьнямі вялася сур’ёзная (матэрыял пісаўся ў Менску, а да ладу даводзіўся ў Пецярбургу ды Лісабоне). Гурт выконвае клясычны цяжкі рок, аранжаваны па ўсіх канонах. Кожная іх кампазыцыя мае добра прадуманую структуру і свой характар, ясную задуму і дакладнае яе ўвасабленьне. Адметнасьць гучаньня — у скрыпачцы, што ўносіць разнастайнасьць у музыку, хоць часам і назаляе. А таксама ў мяккіх жаночых бэках. Цікава, што сярод вакалістак, задзейнічаных у запісе альбому, прысутнічае Алена Працко, якая працуе на падпеўках у Scorpions. Магутны плюс альбому — абсалютна выдатна запісаны вакал Зьмітра Рудовіча, дзякуючы чаму можна расчуць усе словы ва ўсіх песьнях.

Што да саміх тэкстаў, то яны напісаныя яўна з болем за Айчыну сваю і народ (хочацца верыць!), з такою лёгкаю тугою ды наівам, уласьцівым кожнаму, хто раптам адкрыў для сябе Беларусь. З абавязковым зваротам да вобразу мужнага ваяра, нескаронага волата-ліцьвіна ды шчымліваю балядаю пра красуню-дзяўчыну, зь якой здарылася нядобрае. Дарэчы, павольныя творы ў Hok-key атрымліваюцца надзвычайнай прыгажосьці, асабліва «Не кувай, мая зязюля» — пекны нумар.

Гурт яўна намацаў свой шлях. Толькі плёну ім у далейшым.

Спампаваць альбом «Знак бяды» можна на афіцыйным сайце каманды.

Hok-key — Знак бяды, 2014

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: