Шчасьце
3914 / 0
24.10.2013

Актуальная музыка Арцёма Міда

Такая музыка, якую робіць Арцём Мід, мусіла б прадукавацца ў Беларусі тэрабайтамі. Але ў нас дагэтуль творы, скажам, Валіка Грышка 10-гадовай даўніны выглядаюць на адкрыцьцё на фоне таго, што адбываецца на беларускай сцэне.

«Шчасьце» - дэбютная праца музыкаў, якія яўна ня першы год у музыцы. Іх накіраванасьць – не капіяваць чужых узораў, а запісваць тое, што нараджаецца ва ўласнай галаве ды рэалізоўваць вялізарны патэнцыял беларускай мовы. Адметны саўнд ствараецца ў спалучэньні жывых інструмэнтаў ды электронікі.

Па вялікім рахунку, такой музыкі мусіла б прадукавацца ў Беларусі тэрабайтамі. Але ў нас дагэтуль актуальным застаецца тыповае рок-гучаньне без электронных дамешкаў, а творы, скажам, Валіка Грышка 10-гадовай даўніны і цяпер выглядаюць на адкрыцьцё на фоне таго, што адбываецца на беларускай сцэне. Арцём Мід гэту сытуацыю хоча паправіць сваім аднайменным праектам, які спачатку заяўляўся пад назвай ArtеМід. Патэнцыйных слухачоў урэшце было вырашана не бянтэжыць чарговай маласэнсоўнай ангельскай назвай, таму праект пераназвалі па творчым імені яго стваральніка.

Нягледзячы на мізэрны век самога гурта, адчуваецца, што музыкі маюць немалы досьвед. Акром самога Арцёма, які працаваў калісьці ў зьвязцы з тым жа Грышком, у праекце ўдзельнічае гітарыст Віталь Астроўскі, басіст Дзьмітры Катэчаў і надзвычай круты ды экспрэсіўны бубнач Аляксандар Гарох, вядомы з гуртоў «Зьніч» і Drum Ecstasy. За электроннае насычэньне альбому адказваў праект Vacuumable – адна з найстарэйшых электронных фармацый Менску. Цікавыя знаходкі ёсьць, асабліва ў першай частцы, але ўсё ж цалкам кружэлку праслухаць маларэальна. Таму віной занадта навязьліва апрацаваны вакал і досыць аднастайныя аранжыроўкі. Часам «Арцём Мід» нагадвае экспэрымэнты гурта URIA, толькі што тут, дзякуй богу,  тэкст аўтарскі. Праўда, моўны канцэпт да канца невытрыманы – праграму закрываюць тры трэкі на расейскай. Ці тое ўвесь патэнцыял беларускай Арцём рэалізаваў у першых сямі трэках, ці тое меў вялікае жаданьне ўціснуць у кружэлку ўсё, што было напісана. У цэлым жа выйшаў цікавы экспэрымэнт, які ўпісваецца ў канцэпт «актуальная беларуская музыка».

Арцём Мід – Шчасьце, інтэрнэт-рэліз, 2013

Альбом можна спампаваць тут альбо на сайце Ultra-Music

 

SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org