Аэрапланы ў вырай
5868 / 0
31.03.2015

Юры Несьцярэнка. Найвышэйшы пілятаж

Альбом «Аэрапланы ў вырай» карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі Несьцярэнкі. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні.

Юры Несьцярэнка — асоба ў беларускай музыцы культавая. Свой першы гурт «Апошні шанец» ён заснаваў яшчэ за Брэжневым у школьным узросьце, граў у полацкіх «Тутэйшых», гурце з чыста позьнесаўковай назвай «Рок-транс-аўта» ды шэрагу менскіх і магілёўскіх праектаў. Таксама ён выдаваў свой часопіс, ладзіў фэсты на ўласным падворку ў Бялынічах, вучыў граць дзетак блюзы і рок-н-ролы ды яшчэ нямала чаго. Дзіва пры гэтым, што ў беларускім кантэксьце яго талент адкрыўся і стаў вядомым параўнальна нядаўна — гадоў зь дзесяць таму, дзякуючы цудоўнаму фіту з «Крамаю» — «Блюз белай ночы».

Новы альбом Юрыя выйшаў ажно праз восем гадоў пасьля папярэдняга «Сьвята вялікіх дажджоў» і ўвабраў у сябе найлепшыя рэчы выканаўцы за гэты час. І пры ўсёй цудоўнасьці «Сьвята…» і задушэўнасьці ранейшых альбомаў Несьцярэнкі, «Аэрапланы ў вырай» карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі выканаўцы. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні. Матэрыял адшліфаваны да такой ступені, што рэліз адразу можна запісваць у найлепшыя здабыткі беларускага року. Такія ж адчуваньні выклікалі пры першым жа праслухоўваньні, скажам, апошнія альбомы «Крамы» («Белая вада»), «Грамадазнаўства» Вольскага і «Патас/Попс/Прапаганда» ад Pomidor/off. Юры мае адметны вакал, такі мяккі, далікатны і лагодны. Ён адразу выклікае прыхільнасьць слухача — зь першага слова і першага сола — і настройвае на добры лад. І музыка ягоная знаходзіцца ў поўнай гармоніі з голасам. Аранжыроўкі песень таксама мяккія, ненавязьлівыя і вытанчаныя. Стылістычна альбом вагаецца ад блюзу/блюз-року да року ў ягоным кансэрватыўным разуменьні. Кожная песьня з гэтага дыску здольная забраць з сабою. Асабліва зьвяртаюць на сябе ўвагу неверагоднай пекнасьці баляда, запісаная ў дуэце з Ілонай Карпюк «Восеньскі мінор», пранізьлівы блюзавы нумар «Мая адзінота», шыкоўна збудаваная «Сіндром Вавілона», загалоўны нумар… і такім парадкам можна пералічыць усе трэкі з альбому. Адзінае што трохі дзіўнавата выглядае штучны шум глядзельнай залы, накладзены ў трэку «Адкажы», надта ўжо ненатуральны эфэкт псуе трохі ўражаньне ад прыстойнага трэку.

«Аэрапланы ў вырай» не пакліканыя скарыць новую публіку. Гэтая праца зробленая чалавекам, цалкам адданым аднойчы абранаму стылю. І прызначаная найперш для тых, хто ўжо гэтак жа — раз і назаўжды — вызначыўся з сваімі музычнымі прыярытэтамі. Гэта шчырая музыка, зробленая з гонарам і на сумленьне.

Сяргей Будкін

Спампаваць адным файлам з Tuzin.fm