Не чакалі
3686 / 0
11.06.2015

Вінаградаў. Музыка незаснаваных рэтра-бараў і нязьнятых сэрыялаў

Так, як Зьміцер Вінаградаў, у XXI стагодзьдзі не пяюць. Усе 10 трэкаў альбому выкананыя на адной эмоцыі, узвышана, старанна, асэнсавана, з расстаноўкай і… аднолькава.

Зьміцер Вінаградаў — вядомая пэрсона на гомельскай незалежнай сцэне. Вось ужо 14 гадоў ён выступае ў складзе гурта «Бан-Жвірба» ў якасьці гітарыста, а паралельна займаецца сольнай творчасьцю. Вінаградаў першапачаткова заяўляў пра сябе як бард, запісаў два альбомы пад гітару, летась стаў ляўрэтам «Бардаўскай восені». Але новы альбом істотна адрозьніваецца ад таго, што музыка рабіў раней.

На шчасьце, тут няма ні граму «бан-жвірбаўскага» псэўда-фольку. Вінаградаў у сваёй творчасьці адыходзіць ад матываў, зь якіх сілкуецца яго асноўны гурт. Яго тэксты непрыдуманыя, вобразы не прыцягнутыя за вушы, ад таго жыцьцёвыя і кранальныя. Няма тут і звыклай для аўтарскай песьні нуды, як, зрэшты, і палымянасьці з грамадзянскім патасам. Праграма «Не чакалі» належыць хутчэй да плыні гарадзкога шансону.

Пры гэтым Зьміцер дэманструе шматграннасьць свайго таленту — ён выдатна пачуваецца ў ролі і шансанье, і індзі-рокера. У гэтым, дарэчы, асноўная праблема альбому — ён не ўціскаецца ў звыклы фармат аўтарскай песьні (такі, у якім працуюць, скажам, Камоцкі з кампаніяй ды WZ-orkiestra), але і побач з Akute ён глядзецца ня будзе. Праблему ў пазыцыянаваньні тут, канечне, стварае яшчэ і голас — так, як Вінаградаў, у XXI стагодзьдзі не пяюць. Усе 10 трэкаў альбому выкананыя на адной эмоцыі, узвышана, старанна, асэнсавана, з расстаноўкай і… аднолькава, ад таго і вылучыць хоць бы які маленькі цуд з гэтай працы даволі складана. Блізкая да бездакорнасьці дакладна кампазыцыя «На поўначы сусьвету» — беларуская музыка чакала такога сьпеву ад часоў адлігі, вось ён урэшце зьявіўся, але цяпер нікому не патрэбны. Немагчыма ня вылучыць яшчэ трэк «Едзем мы ў Полацак», зроблены на нейкай невытлумачальнай эўфарыі: чаго з такой радасьцю пяяць пра паездку на дабітым міжгароднім аўтобусе?

Вінаградаў запаўняе лякуны ў беларускай музыцы — у нас вой як не стае сумленнай душэўнай музыкі на сваёй мове. Гэта саўндтрэк для нязьнятых нацыянальных тэлесэрыялаў, музыка незаснаваных беларускіх рэтра-бараў, няіснага белмоўнага шансон-радыё. Будзе адпаведны антураж — зьявіцца і попыт на такую музыку.

Сяргей Будкін