Карняплоды любві
5066 / 0
06.11.2018

РСП. Акультураныя і пракачаныя

«Карняплоды любві» — пяты студыйны альбом гурта «Разьбітае сэрца пацана», на якім адлюстраваныя падзеі, якія адбываліся з музыкамі цягам апошніх трох гадоў.

Самі аўтары так кажуць пра сваю новую працу: «Мы зьмянілі сваё гучаньне, альбом розьніцца ад папярэдніх па напаўненьні. Тут ёсьць і рэгі, і лаўнж, і панк, і савецкі фанк». І падкрэсьліваюць важны момант: іхныя «Карняплоды любві» зьявіліся на сьвет дзякуючы слухачам — грошы, неабходныя на запіс рэлізу, сабралі за тыдзень з дапамогай краўдфандынгу ды сказалі годнае «Зводзь!» свайму гукарэжысэру. За майстарынг і зьвядзеньне альбому адказны Алег Даманчук з Mapletree studio.

«У альбоме адлюстроўваюцца падзеі, якія адбываліся з намі цягам трох гадоў, з галоўным фокусам на каханьне. Мы пасталелі, набылі дзьве машыны, хоць гэта нічога ня значыць, акультурыліся тэхнічна ды пракачаліся ў музыцы», — заяўляюць аўтары «Карняплодаў» Дзяніс Тарасенка (вакал, гітара, словы, музыка) і Павал Гарадніцкі (клявішы, вакал, словы, музыка). Акром іх у запісе ўзялі ўдзел Эндру Осіпчык (бас) і Аляксандар Кавалёў (бубны). Дызайн вокладкі зрабіў Віталь Дзегцяроў.

Спампаваць новы альбом «РСП» можна на лэйбле «Пяршак».

TuzinFM