parachod
2942 / 0
19.12.2018

Дзіўны пілёт, што не знайшоў самалёт. Дэбютнік гурта koŭdra (прэм’ера)

Менскі індзі-гурт koŭdra прэзэнтуе на TuzinFM свой дэбютны альбом «parachod», у які ўвайшлі 9 песень, запісаныя цягам гэтага году.

На сёньня koŭdra ўяўляе зь сябе ананімны студыйны праект. Удзельнікі каманды пэўныя, што стварэньне музыкі не вымагае імёнаў. «Нас захапляе ідэя пражываць як мага больш асобных, максымальна не зьвязаных паміж сабою атачэньнем, жыцьцяў. Для калегаў ты — бухгальтар, для слухачоў — музыка і аўтар, для сяброў — проста сябар без прафэсіі, у спартовай сэкцыі баксэр. А калі ты баксэр-бухгальтар, то біцца з табою нецікава. Музыка-бухгалтар губляе магію творчага чалавека», — заявілі стваральнікі koŭdra ў сваім першым інтэрвію для TuzinFM.

Цягам гэтага году koŭdra запісвала свае песьні і выдавала па адной у якасьці сынглу. Да канца году іх назапасілася на цэлы альбом, які быў названы «parachod». Усе дзевяць трэкаў з рэлізу зьвязаныя між сабою канцэптуальна. «Расповед вядзецца ад імя лірычнага героя, які дзеліцца сваімі перажываньнямі і мроямі.  Гэта сумны, летуценны хлопчык, нешта сярэдняе паміж Голдэнам Колфілдам з „Над прорвай у жыце“ Сэлінджара і Маленькім прынцам Экзюпэры. Ён шмат пра што марыць, шмат у чым расчароўваецца і зусім не ўяўляе, што будзе далей. Ён і ёсьць той дзіўны пілёт, што не знайшоў самалёт», — так апісваюць наведнікам TuzinFM ідэю сваёй працы аўтары.

Альбом быў створаны двума музыкамі, але склад гурта можа пашырыцца дзеля жывой прэзэнтацыі. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

TuzinFM

Тэгi: