Skryvaj
2787 / 0
24.01.2019

Скрывай сябе, каб захаваць. Дэбютнік ад Nürnberg

Гурт-адкрыцьцё 2018 году па вэрсіі TuzinFM прэзэнтуе дэбютны альбом «Skryvaj», які выйшаў на касэтах і дысках адразу на трох лэйблах — амэрыканскім, нямецкім і расейскім.

Дэбютны альбом музыкі запісалі ў красавіку — чэрвені 2018 году. Працавалі дома — гэта ўсё той жа DIY-запіс, як і першы ЕР. За канчатковы гук адказваў Раман Камагорцаў. У альбом акрамя новых песень увайшлі таксама і старыя трэкі, якія былі прыдуманы яшчэ некалькі гадоў таму. Адметнасць гэтага рэлізу ў тым, што тут гучаць сынтазатары. Музыкі кажуць, што гэта была спроба музычных экспэрымэнтаў, якія будуць працягвацца і ў наступных работах.

У альбоме знайшло сваё далейшае разьвіцьцё сэнсавае зерне, якое было закладзена ў ЕР «U nikudy». «Нашыя восем трэкаў маюць сваю атмасфэру, расказваюць асабістыя гісторыі, прысьвечаны пэўным жыцьцёвым падзеям, і нягледзячы на стылістычную разнастайнасьць, ідуць ў агульным кантэксьце: скрывай. Скрывай сябе, каб захаваць», — кажа лідэр каманды Януш Пятрэнка.

«На альбоме знайшлося месца як і для экзыстэнцыйных песень, якія даносяць ідэі разрыву чалавека зь яго навакольлем і выводзяць ўнутраныя накірункі энэргіі, так і для лірычных песень, якія распавядаюць простыя гісторыі сьветлых чалавечых пачуцьцяў», — дадае другі ўдзельнік гурта Алег Савуцін.

Цалкам беларускамоўны альбом Nürnberg выйшаў на фізычных носьбітах — на тэрыторыі ЗША на лэйбле Death Shadow Records, Эўропы — на бэрлінскім лэйбле Squall Records, а таксама на маскоўскім лэйбле Sierpien Records. На вокладку музыкі зьмясьцілі фота аўтарства францускага фатамайстры Анры Карт’е-Брэсона.

«Skryvaj» можна паслухаць/набыць таксама на лічбавых плятформах «Яндекс Музыка», Spotify і Google Play Music.