Žyvak
605 / 0
17.07.2019

Recha. Жывое і эталённае

Гурт Recha запісаў за адзін вечар самыя забойныя канцэртныя нумары за 10 гадоў для альбому «Žyvak».

«Žyvak» — гэта творчае падсумаваньне пэўнага этапу ў гісторыі гурта Андруся Такінданга. Альбом быў запісаны жыўцом за адзін вечар на студыі Everest Media. «Нашыя музыкі Віктар Паўлючэня і Яўген Шурмей мусілі зьяжджаць на нявызначаны час зь Беларусі, і гурт Recha чакала творчае перафарматаваньне. Таму мы вырашылі зрабіць запіс максымальна набліжаны да нашага канцэртнага гучаньня і рэалізаваць гэтую задуму ў сьціслыя тэрміны», — распавядае лідэр каманды. Музыкі імкнуліся максымальна перадаць канцэртнае гучаньне Recha пэрыяду 2009—2019 гадоў. А некаторыя песьні зь яго існуюць яшчэ больш — песьням «Трактар Беларус» і «Машына» 12 гадоў. Андрусь кажа, што «Žyvak» цалкам сабе можна лічыць міні-анталёгіяй творчасьці Recha і называе рэліз эталённай працай, творчым і жыцьцёвым падсумаваньнем.

Пасьля жывой сэсіі матэрыял быў дапрацаваны, дзе-нідзе дапісаныя бэк-вакалы. Агулам жа пры запісе кіраваліся актуальным канцэртным трэк-лістом. У далейшым ён будзе зьменены. Цяпер Recha шукае новую мастацкую мову і стварае новы музычны матэрыял.

У запісе ўзялі ўдзел: Андрусь Такінданг (домра, голас), Яўген Шурмей (гітара), Віктар Паўлючэня ( акардэон), Леанід Паўлёнак (барабаны), Кастусь Лісецкі (бас-гітара). Таксама паўдзельнічалі запрошаныя музыкі: Марына Вярэніч — голас (3), Міхась Касьцюкевіч —клявішы (1, 3).

TuzinFM