Tota
585 / 0
07.08.2019

Таталітарызм ня пройдзе. Новы альбом «Сямашкі ды Кумпаніі»

«Віктар Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтавалі антытаталітарны альбом «Tota». Запіс унікальны, бо кожная кампазыцыя выконваецца музыкамі толькі аднойчы і больш ніколі ня можа прагучаць.

Мэлядэклямацыйная фармацыя «Віктар Сямашка ды Кумпанія» выклала ў сеціва новы альбом «Tota». Вершы падкрэсьлена антытаталітарнага зьместу прачытаныя пад цалкам спантанны акампанэмэнт. Запіс адбыўся сёлета падчас жывога выступу ў магілёўскім «Цэнтры Кола». Супэргрупа набыла тутэйшы калярыт, уключыўшы ў склад ураджэнца Магілёву Фрыдрыха Самотнага (сакс) ды Максіма Іўкіна (вакал) з Быхава. За рытмічна-гарманічную аснову адказвалі Дзяніс «Sinie Gory» Кудраўцаў (гітара), Алесь Сямашка (бас) і Яўген Булдык (бубны). Сярод публікі былі заўважаныя прадстаўнікі мясцовага гіпі-руху 1960—1970-х гадоў.

Паводле абранага «Кумпаніяй» прынцыпу, кожная кампазыцыя выконваецца толькі аднойчы. Таму цяпер праграму «Tota» можна пачуць выключна ў адрэдагаваным аўдыёзапісе альбо ў поўнай відэавэрcіі, адзьнятай і змантаванай магілёўскім журналістам Аляксандрам Сабалеўскім. Ягоныя ўражаньні: «Неверагодны блюз-джаз-рок у выкананьні „Кумпаніі“ плюс улётна-псыхадэлічная музыка ад „Сініх Гораў“ раскруцілі „Кола“ да неверагодных абаротаў». Канцэрт прайшоў пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» ды Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. На вокладцы зьмешчаная жывапісная праца Віктара Сямашкі-старэйшага.

Відэа з прэзэнтацыі альбому «Tota»

TuzinFM