Песьні і казка
656 / 0
16.08.2019

Сьвежы Vodar. Сусьвет без крывадушнасьці магчымы

Нэа-фольк гурт Vodar запісаў другі студыйны альбом, у якім аб’яднаў казкі зь песьнямі.

Задума гэтага альбому паўстала неўзабаве пасьля рэлізу дэбютніка «Дарогі, якія мы выбіраем». Лідэр каманды Ян Скарабагаты (у гурце — Кэрн Эмількін) распавядае, што ўмоўна падзялілі працу з бубначом Вадзімам Талочкам (Барабаш) — Ян адказны за першы альбом, а Вадзім за другі. Таму менавіта ён прыдумаў аснову для большасьці трэкаў. «У нас зьявілася думка, што музыкай можна стварыць цэлы сусьвет. Сусьвет, дзе няма крывадушнасьці, дзе пануе дзіўная, незразумелая прыгажосьць, дзе шчырасьць ёсьць асноваю», — згадвае Ян. Але скончыць працу разам зь сябрам і калегам яму не давялося — Вадзім пайшоў у іншы сьвет 5 чэрвеня 2017 году.

Дзеля ягонай памяці музыкі працягнулі працу, якая расьцягнулася на два гады. Зьмяняліся студыі гуказапісу, песьні неаднойчы перазапісваліся і перазводзіліся. Сярод тых, хто спрычыніўся да запісу былі музыкі з гуртоў Rutvica, Vuraj, Atesta, «Адарвірог» ды іншыя. Стваральнікі «Песень і казак» кажуць, што ў альбоме імкнуліся аб’яднаць казкі зь песьнямі на беларускай і расейскай мовах і папярэджваюць, што ён патрабуе неаднаразовага праслухоўваньня, каб напоўніцу раскрыцца.

Паслухаць «Песьню і казку» і болей дазнацца пра гурт можна ў афіцыйнай суполцы.

TuzinFM