Разок
347 / 0
25.09.2019

Жаночая магія паганскіх часоў. Нэафольк ад Warsoba

Сумесны праект фольк-сьпявачкі Ірэны Катвіцкай і лідэра Port Mone trio Аляксея Варсобы выдаў на амэрыканскім лэйбле VG Label свой дэбютны альбом «Разок».

Стылістыка альбому акрэсьліваецца як нэафольк, фольктроніка і world music. Музыкі працавалі над ім цягам году. Кожную з кампазыцыяў дыску яны лічаць экспэрымэнтам з гукам і фактурай паводле якой можна ўбачыць эвалюцыю густу. «Агулам наш альбом — гэта сучасны погляд на жаночую магію паганскіх часоў.  Стылістыка і фактуры ў аранжыроўках залежаць ад кантэксту і жанраў песень — ад адзіноты жаночага голасу а капэла да брутальных танцаў на вясельлі. У кожнай песьні ёсьць свая геаграфія, і гэта таксама адбілася на стылістыцы. Мы спадзяемся, што наш альбом будзе цікавы, як беларускім, так і замежным слухачам», — кажа сьпявачка Ірэна Катвіцкая. Песьні з гэтае праграмы ўжо гучалі на фэстах у Беларусі, Украіне і Польшчы.

Акрамя Ірэны і сузаснавальніка гурта Аляксея Варсобы (акардыён) у працы над альбомам узялі ўдзел бубначы Алег Вайтулевіч і Аляксей Сіленка, Ільля Дзягель (бас-гітара, live looping, FX) і Андрэй Апановіч (бузукі, live looping, FX). Запіс, зьвядзеньне і майстарынг зроблены на Everest Media ў Менску, а выйшаў альбом на VG Label (ЗША). Рэліз даступны на асноўных лічбавых пляцоўках.

TuzinFM