Дрэва жыцьця
538 / 0
16.10.2019

Мінус адзін. Relikt цяпер пускае карані пад іншай назвай

Музыкі зрабілі рэбрэндынг і запісалі выдатны фольк-рокавы альбом, шосты ў сваёй дыскаграфіі.

Цяпер назва каманды будзе пісацца толькі літарамі — стылізаваная адзінка саступае месца лацінскай літары «L». Час ускладненьняў мінуў, так гурт будзе лягчэй шукаць, тлумачаць музыкі.  Гурт займеў з гэтай нагоды і новы лягатып, ён створаны на аснове шрыфта, якім быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага — першая эўрапейская канстытуцыя.

Шосты студыйны альбом Relikt стане падарункам для мэляманаў: песьні для яго запісваліся і зводзіліся на той самай легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджэлескай студыі кампаніі Yamaha, зь якой працавалі Motorhead, Стыві Ўандэр ды іншыя зоркі.

Апроч візытоўкі Relikt — незвычайных гітарных эфэктаў і разнастайнай пэркусіі — у новых кампазыцыях калектыву можна пачуць мноства рэдкіх, незвычайных для рок-музыкі, этнічных інструмэнтаў: глюкафон ручной працы зь нестандартным строем, беларускія дудкі, ксыляфон, баян.

Акрамя таго, альбом атрымаўся інтэрнацыянальным. У запісе ўдзельнічалі баяніст-віртуоз Аляксандар Ясінскі (Прага), вакалістка гурта Ilo&Friends Ілона Карпюк (Беласток), а таксама культавая фігура беларуска-польскага андэграўнду Юрка Асеньнік, які ня толькі выканаў адну зь песень, але і стварыў вокладку дыска.

Канцэптуальна назва альбома адсылае да вядомага ў многіх народаў міталягічнага архетыпу сусьветнага дрэва — сакральнага цэнтру Сусьвету.

«Наш альбом зьвязаны з фундамэнтальнымі паняцьцямі чалавечага быцьця: жыцьцё і сьмерць, дабро і зло, а таксама зьяўляецца ключавым сымбалем беларускай міталёгіі і культуры, кажа лідэр Relikt, бубнач Аляксандар Дземідзенка. Нам хочацца, каб песьні, якія сьпявалі нашыя продкі, бабулі і дзядулі, ня зьніклі, а працягвалі гучаць на фэстывалях, у клюбах і айпадах, каб дрэва нашага роду і народу не засыхала, але давала новыя парасткі».

У альбом увайшлі дзесяць унікальных старажытных беларускіх народных песень, сабраных у розных кутках нашай краіны. Навуковымі кансультантамі рэлізу выступілі гісторык, дасьледчыца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч і этнограф, спэцыялістка ў этнічным сьпеўным выкананьні Ірына Мазюк.

Спампаваць альбом і падзякаваць за яго музыкам можна на Bandcamp.

TuzinFM