«Santa Maria» стаў альбомам месяца на Tuzin.fm
2623 / 0
04.07.2014

«Santa Maria» стаў альбомам месяца на Tuzin.fm

Праца гурта «Стары Ольса» атрымала другую запар перамогу ў чарце альбомаў.

«Santa Maria» перамагла з ладным адрывам ад другога месца ў 30 галасоў. Такім чынам альбом «Старога Ольсы» пратрымаўся два месяцы. Увесь гэты час асноўным «супернікам» па чарце ў іх быў гурт BosaeSonca, які ўдзельнічае ў галасаваньні адразу з двума альбомамі. «Ольсаўцы» добра абазнаныя ў творчасьці каманды Алеся Ката-Зайцава: «Я найбольш аддаю перавагу іх працы „Адпусьці“, надзвычай якасна зробленая — кажа ўдзельнік гурта Ільля Кубліцкі. — Вельмі люблю акустычную музыку з удзелам струнных інструмэнтаў».

Ільля ад імя ўсіх музыкаў гурта дзякуе слухачам за гарачую падтрымку іх «сярэднявечнага рок-н-ролу». Ужывую «Стары Ольса» можна пачуць у самы бліжэйшы час — яны заяўленыя ў лайн-апе фэсту «Вольнае паветра». Новы матэрыял яны ўжо маюць, але пакажуць яго ня хутка — некалькі прэм’ераў плянуецца на вялікі сольны канцэрт з нагоды 15-годзьдзя, які заплянаваны на 16 лістапада.

Tuzin.fm