«Якасны Тузін» ад Tarantino
2930 / 0
07.07.2014

«Якасны Тузін» ад Tarantino

Свой тузін найлепшых песень сэзону на Tuzin.fm назваў беларускі прадусар і сузаснавальнік менскага клюбу Tarantino Ўладзімер Кубышкін.

1.       Navi — Не засынай

Гэты калектыў ёсьць узорам ня толькі для беларускамоўных выканаўцаў, але і для беларускіх музыкаў у прынцыпе. Пісаць такую цудоўную музыку і так прыгожа выконваць — дарагога каштуе. Я аддаю даніну павагі гэтым вельмі таленавітым музычным рабятам.

2.       Паліна Рэспубліка — Лета

Паліна — самародак, такое адмыслова не прыдумаеш. Для мяне яна зьявілася адкрыцьцём мінулага году. Вельмі падкупае яе шчырасьць, пры тым гэта вельмі музычны чалавек. Яна пяе не пра сацыяльныя праблемы, а пра каханьне, праз прызму свайго ўнікальнага індывіуальнага сьветаўспрыманьня.

3.       J:морс — Джала

Адзін з самых дасьведчаных беларускіх гуртоў, у якога папросту няма прахадных песень. Кожны зь іх твораў, уключна з «Джалам» — гэта ўзор прафэсіяналізму.

4.       Вайцюшкевіч і Vinsent — Дачакайся, матуля

Тое, што вылучае Вайцюшкевіча — надзвычайнае і вельмі асабістае адчуваньне песьні, незаштампаванасьць і мэлядызм. Вельмі цаню гэтыя рысы.

5.       Лявон Вольскі — Шэрая кроў

Наогул цяжка ўявіць беларускую музычную рэальнасьць безь Лявона. Вартыя павагі яго глыбіннае адчуваньне мовы і музычны досьвед.

6.       Раман Волазьнеў і Ўладзімер Прасьнякоў — Сьпі, малы сакол

Не хачу камэнтаваць гэты трэк і казаць пра сваё стаўленьне да такога прэцэдэнту, як выкананьне расейскім артыстам песьні па-беларуску. Маю дваістае стаўленьне на гэты конт. Па выніку ж атрымалася вельмі прыгожая песьня.

7.       Мутнаевока — Драпежная котка

Песьня, сыграная проста і даступна. Хваля пазытыву ў мой тузін. Менавіта гэтага не стае большасьці беларускамоўных выканаўцаў — пазытыву, прычым ня штучнага, а самага сапраўднага!

8.       Песьняры — Кацярынка маладая

Удзельнікі ансамблю «Песьняры» — дыназаўры фольк-року, тыя людзі, якія даюць вельмі якасны прадукт, што вельмі моцна адрозьніваецца ад агульнага ўзроўню прадстаўленых трэкаў. На іх баку — досьвед і прафэсіяналізм.

9.       Pomidor/off — Cьпёка

Аляксандар Памідораў з калегамі на агульным фоне беларускамоўнага андэграўнду вылучаецца істотна тым, што мае сваё аблічча.

10.   Палац — Шэрая поўсьць

Можа быць гэта не галоўны гіт «Палацу», бо ў іх ёсьць куды мацнейшыя творы. Але і ў гэтай кампазыцыі музыкі традыцыйна не адступаюць ад сваёй лініі і поглядаў на музыку ды робяць тое, за што іх любяць і шануюць. Яны не зважаюць на перамены каньюктуры і ўжо трэцяе дзесяцігодзьдзе робяць музыку, якую з гонарам могуць называць Сваёй.

11.   Майтай — Полымя

Вылучыў гурт з агульнай масы дэпрэсіўнага року, то мяне падкупае асабістае стаўленьне лідэра каманды Андрэя Дзяркова да музыкі, да якасьці гучаньня. У «Майтай» сымбалізм ва ўсім, аўтар глыбока капае і гэта адчуваецца. Няглядзечы на яўны андэграўнд на выхадзе, якаснае выкананьне бачнае няўзброеным вокам.

Fridance — Крылы

У гэтых музыкаў атрымалася дастаткова прыгожая кампазыцыя, хоць і перасьледуе адчуваньне, што недзе неаднакроць чуў нешта падобнае.

Уладзімер Кубышкін, для Tuzin.fm

Уладзімер Кубышкін — аўтар песень і прадусар. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў Менску. Скончыў менскі мэдычны інстытут (1994). Песьні піша з 1998 году, працаваў з большасьцю сучасных беларускіх эстрадных выканаўцаў. Сярод артыстаў, зь якімі працуе цяпер — Ганна Шаркунова, Віталь Варанко, група «Ямайка» ды іншыя. Сузаснавальнік бара Tarantino.