M.G: «Мы граем „бульбатрэш“» (аўдыё)
5014 / 1
31.07.2014

M.G: «Мы граем „бульбатрэш“» (аўдыё)

З нагоды выхаду дэбютнага рэлізу сола-гітарыст каманды M.G. Герман Кулік распавёў у інтэрвію Tuzin.fm чым іх завабіла клясыка беларускай паэзіі і чаму музыкі называюць свой стыль «бульбатрэшам».

Калі яны заснавалі свой гурт, ім было па 12—15 гадоў, неўзабаве яны перамаглі ў фэсьце «LIVEinROCK» у Полацку ды паехалі на «Басовішча». Ад пачатку гралі цяжкі рок ды імкнуліся з уласнага прызнаньня да «эўрапейскага гучаньня». Сёлета гурт M.G., вядомы раней як Metalgues, выдаў на лэйбле БМА-груп свой дэбютны альбом, названы ў гонар аднаго зь вершаў Ларысы Геніюш «К чорту гарэлку». Сола-гітарыст каманды Герман Кулік распавёў у інтэрвію Tuzin.fm чым іх завабіла клясыка беларускай паэзіі і чаму музыкі называюць свой стыль «бульбатрэшам».

ТГ: Вы называеце сябе пераемнікамі гурта Metalgues. Што засталося, а што памянялася ў вашай камандзе ў сувязі са зьменай назвы?

Граючы як Metalgues, мы стваралі музыку неяк стыхійна. Была задумка, а ўжо празь некалькі рэпэтыцыяў — гатовы твор. Амаль нават нічога не фільтравалі. Таму, з поўнай упэўненасьцю можна сказаць, што засталіся яго аранжыроўкі як-ніяк, а ўсё ж спрабуем прыйсьці да беларускага гучаньня. Якраз цяпер нашая творчасьць пераходзіць з простага хобі да нейкай працы, якой кожны з нас захоплены.

Аднак пры гэтым склад нашага гурта не зьмяніўся. Зьмяніўшы назву, мы вырашылі пачаць усё з чыстага аркушу. Ды на наш погляд гэта зусім нядрэнна, бо цяпер маем за плячыма добры вопыт і ведаем у якім напрамку трэба рухацца далей.

ТГ: Ці мае ваш альбом нейкую агульную канцэпцыю?

Канечне мае. На наш погляд «Пагоня», «Дзецюкі», «К чорту гарэлку» адлюстроўваюць гэтую канцэпцыю ня менш чым «Price of Life» («Кошт жыцьця»), «Nail King» («Лікаваны кароль»), «S.O.U.L». («Душа»), бо ўсе яны таксама датычацца чалавечай незалежнасьці ды жыцьцёвых цяжкасьцяў.

ТГ: Першая песьня на вашым альбоме завецца «Бульбатрэш». Ці можна лічыць гэта самавызначэньнем стылю?

«Бульбатрэш» — гэта проста жартоўная энэргічная песьня, якая паказвае моладзевую тусоўку, дзе не існуе аніякіх правіл і кожны здольны адрывацца як хоча. Але на фоне ўсяго альбому, «бульбатрэш» дэманструе адказ эўрапейскаму гучаньню зь беларускага пункту гледжаньня. Таму лічу, што можна назваць гэта і самавызначэньнем нашага стылю.

ТГ: Вы лічаце, што сапраўды граеце цікавую і актуальную музыку, якая будзе запатрабавана?

Ва ўсялякім выпадку спадзяемся. Мы спрабуем рабіць яе цікавай, а ўжо як яно атрымліваецца няхай вырашаюць людзі. Канечне, актуальнасьці сёньня ў цяжкой музыцы няшмат, але гэта нас не спыняе, нам нават так больш падабаецца.

ТГ: На якую публіку найперш разьлічваеце?

Разьлічваем на слухачоў якога заўгодна ўзросту. Але наш творчы зварот больш зьвернуты да моладзі.

ТГ: Чым прадыктаваны вашая цікавасьць да паэзіі Геніюш і Багдановіча?

Адна з ідэяў нашага гурта — гэта палепшаньне беларускай культуры праз музыку. Сёньня няшмат моладзі зацікаўлена беларускай творчасьцю, так як гэтага бы хацелася… Асабліва ў вобласьці літаратуры. Таму прасьцей пазнаёміць людзей з творчасьцю нашых паэтаў ды пісьменьнікаў менавіта праз музыку. Тым больш з творчасьцю Геніюш ды Багдановіча, вершы якіх захапляюць сваёй неабыякавасьцю да роднай краіны.

Ларыса Геніюш выдатная, але, на жаль, непрызнаная беларуская паэтка. Яе вершы нам вельмі спадабаліся, таму мы вырашылі паспрабаваць надаць іх агалосцы менавіта празь цяжкае гучаньне.

ТГ: Ці можаце сказаць, што самі знаходзіцеся ў беларускай культурнай прасторы? Ці прыгадаеце, што з апошняга прачытанага, ці то пачутага або пабачанага вас уразіла?

Часткова знаходзімся ў беларускай культурнай прасторы. Напрыклад, з апошняга прачытанага, уразіла кніга Вадзіма Дзеружынскага «Тайны беларуской истории». Таксама, наш басіст падаўся у тэатар. У сваім унівэрсытэце ўдзельнічаў у песе Янкі Купалы «Прымакі», браў удзел у прэзэнтацыі  літаратурнага альманаха, кнігі «Новы Замак». Што тычыцца музыкі, то сапраўды здзівіў апошні альбом «Літвінтроляў» — «Чорная Панна», а таксама адзін з апошніх сынглаў Gods Tower — «Людзі на балоце».

ТГ: Што зьбіраецеся рабіць надалей?

Цяпер працуем над новым матэрыялам, часам выступаем ужывую. У плянах — працягваць займацца ўлюбёнай справай, ды няглядзячы ні на што рухацца далей. Мусіць, у хуткім часе зробім відэакліп, праца над нім якраз вядзецца.

Афіцыйная суполка гурта

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: