Алена Варона. Нічога акром праўды (прэзэнтацыя EP)
4919 / 0
23.12.2014

Алена Варона. Нічога акром праўды (прэзэнтацыя EP)

Гурт «Ворона» прадстаўляе на Tuzin.fm дэбютны EP «Мая праўда», складзены з трох беларускамоўных кампазыцыяў.

Алена Варона гітару ў рукі ўзяла ў 18 гадоў, хоць марыла стаць сьпявачкаю яшчэ ў дзяцінстве. «Мяне ніхто не выправіў у свой час у музычную школу, што была зусім побач ад дому, таму сьпявала сама па сабе. Старэйшаму брату тое не падабалася, таму сьпяваць даводзілася таемна ад яго», — згадвае Алена. Яна рана завяла пабралася шлюбам і нарадзіла сына. Але мару сваю ня кінула. Колькі гадоў вучылася граць самастойна, на кухні. Як адчула ў сабе сілы паказаць першыя песьні, стала склікаць сяброў на кватэрнікі. Пачаткам сваёй кар’еры Алена лічыць 2006 год, калі адбыліся яе першыя публічныя выступы. Тады ж яе сталі называць «Варона», па назьве адной зь яе песень.

Алёна ўсё жыцьцё пераяжджала, таму пра заснаваньне свайго гурту ды запісу альбому спачатку і гаворкі не было. Яна нарадзілася ў Бароўцы, што на Віцебшчыне, жыла ў Лунінцы ды ва Ўкраіне. Выступала ў асноўным сольна і ў акустыку, брала ўдзел у бардаўскіх фэстах і мела посьпех. Стала ляўрэатам фэсту «Белыя росы — 2008», далінскага фэсту ў 2012 годзе. У пэўны час прыняла рашэньне перабрацца у Менск. «Я мела два варыянты: пераехаць у сталіцу, дзе ў мяне былі сябры, і пачаць усё з нуля, альбо сьпівацца ў вёсцы, дзе і заробкі нізкія, і творчасьць няма куды падзець», — распавядае сьпявачка. Яна трапіла разам з сынам у Менск у той час, калі кватэру тут зьняць было проста немагчыма, таму з год тулялася па знаёмых, пакуль не знайшла сваё месца. Алена рэалізавала тут сябе і ў творчым пляне — акрамя сваёй асноўнай працы стылістам-цырульнікам яна стала працаваць гукарэжысэрам у клюбе «Салтайм». Там знайшла і музыкаў для свайго гурта. Разам яны далі за два гады нямала канцэртаў, перамаглі ў адборы на расейскі фэст «Схватка», трапілі ў ратацыю на радыё «Сталіца» і на расейскае «Нефарматнае радыё». Гурт таксама вызначыўся тым, што трапіў у афіцыйны трыб’ют гурту «Ляпіс Трубяцкі» з сваёй вэрсіяй песьні «Грай».

Цяпер Алена вырашыла цалкам абнавіць склад сваёй каманды. Набрала ўжо новых музыкаў, акром гітарыста. Пакуль іх шукала, зьезьдзіла ў якасьці канкурсанта на фэстываль «Бардаўская восень» у Польшчу. Там і нарадзілася жаданьне давесьці да ладу беларускамоўныя песьні. «Па прыезьдзе вырашыла не губляць дарэмна час ды зьвярнулася да таленавітага аранжыроўшчыка Яўгена Сіраты, які і запісваў мой сынгл, куды ўвайшло тры песьні: „Крылы за сьпіной“ распавядае пра сапраўднае каханьне, якое жыве вечна; „Мая праўда“ адпраўляе нас на пошукі сябе, сваёй асабістай свабоды і сваёй праўды; „Дастала!“ паказвае, што ня варта вінаваціць іншых у сваіх няўдачах, што варта пазбавіцца ад унутранай злосьці і агрэсіі на карысць Дабра», — прадстаўляе сваю працу наведнікам Tuzin.fm Алена. Акром таго адмыслова для рэлізу на Tuzin.fm яна запісала навагодняе віншаваньне.

Цяпер гурт «Ворона» рыхтуе свой першы кліп, які будзе зьняты на адну зь беларускіх песень каманды. На пачатку новага году каманда мяркуе выдаць расейскамоўны міні-альбом.

Сачыць за навінамі гурта Алены Вароны можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm