2014 год вачыма арганізатараў канцэртаў (+што нам чакаць ад 2015)
3267 / 0
02.01.2015

2014 год вачыма арганізатараў канцэртаў (+што нам чакаць ад 2015)

Павал Кашырын, Віталь Супрановіч, Нік Маторын, Яўген Карпаў распавядаюць наколькі ўдалым быў для іх бізнэсу 2014 году, разважаюць якім мае быць адэкватны кошт на квіткі і прагназуюць сытуацыю ў канцэртнай справе ў 2015-м.

У апошнія дні мінулага году Tuzin.fm зьвярнуўся да арганізатараў канцэртаў і папрасіў, каб яны прааналізавалі сытуацыю ў канцэртным бізнэсе за 2014 год. Нас цікавілі моманты, датычныя наведвальнасьці канцэртаў беларускіх выканаўцаў у параўнаньні зь мінулымі гадамі. Таксама запыталіся якія ідэі ўвасобіліся, а якія праваліліся. Вядома ж, нас цікавіла, як адаб’ецца сытуацыя з ваганьнем валютнага курсу на фармаваньне кошту на квіткі. І глябальнае пытаньне пры канцы — ці ёсьць сэнс займацца арганізацыяй канцэртаў нашых музыкаў?

Адказы даюць дасьведчаныя ў справе арганізацыі канцэртаў як беларускіх, так і замежных выканаўцаў, з досьведам 10—15 гадоў — Павал Кашырын, Віталь Супрановіч, Нік Маторын, а таксама дэбютант у гэтай справе — Яўген Карпаў.

Яўген Карпаў паміж А. Памідоравым і М. Насарогавым. Фота Яўгена Нарушэвіча

Яўген Карпаў (журналіст TUT.BY, Ultra-Music, музычны прамоўтар):

Сёлета я наведаў нямала канцэртаў беларускіх музыкаў і паспрабаваў сябе ў якасьці арганізатара некаторых зь іх. Звычайна арганізатары і артысты пры плянаваньні канцэрту, уяўляюць магчымую колькасьць гледачоў. Але былі ў гэтым пляне зьдзіўленьні. У лютым 2014 году мы з гуртом Navi зладзілі прэзэнтацыю іх першага альбому ў Loft. Я быў прыемна зьдзіўлены колькасьцю публікі, а некалькімі канцэртамі ў межах праекту Re:live быў расчараваны. Яго канцэпцыя была ў тым, каб штомесяц рабіць тэматычныя канцэрты беларускіх артыстаў. Мы намагаліся падбіраць лайнап з прыкладна аднолькавай мэтавай аўдыторыяй.

Непрыемныя ўражаньні засталіся ад колькасьці наведнікаў дзьвюх апошніх маіх мерапрыемстваў — канцэртаў гуртоў Plum Bum, «Нагуаль» ды Harotnica і «Кассиопеи», РСП, Pukstband. На першым, танцпляц быў настолькі пусты, што Міхей Насарогаў падчас выступу Plum Bum катаўся па ім на ровары. Другі канцэрт таксама не сабраў залю. Так што, на дадзены момант праект Re:live часова спынены. Ня ведаю ці працягнецца праца далей, улічваючы сёньняшнюю эканамічную сытуацыю.

Наведвальнасьць канцэртаў шмат у чым залежыць ад запатрабаванасьці артыста, узроўню яго папулярнасьці. Калі казаць пра фэстывалі, то ад іх канцэпцыі, надвор’я. У 2014-м зьявілася шэраг новых канцэртных пляцовак, але некалькі зь іх спынілі сваё існаваньне. Узьнік шэраг новых фэстываляў, некалькі гуртоў выдалі выдатныя альбомы. Улічваючы гэтыя і некаторыя іншыя фактары, магу сказаць, што наведвальнасьць павялічваецца. Музычная культура пакрысе разьвіваецца.

Наконт новых імёнаў, якія «стрэлілі» ў 2014 годзе, мяне асабліва ўразіў гурт Mustelide і Navi. Набірае абароты беларуская гардкор-сцэна. The Burner і Challenger Deep выдалі моцныя альбомы. Даволі магутна стартаваў новы праект Сяргея Міхалка Bruttо, але гэта, хутчэй, дзякуючы вялікаму вопыту і прозьвішчу. Насамрэч, музыка павінен ставіцца да сябе, як да спартоўца. Калі шмат працуеш, трапляеш у асноўны склад і атрымліваеш павагу і славу.

Адзін з самых пасьпяховых канцэртаў 2014 году, зладжаных Яўгенам Карпавым. Navi ў Loft, 23.02.2014

Калі нічога ня робіш усё жыцьцё правядзеш на лаўцы запасных. Канечне, талент грае ролю — 30% таленту і 70% працы, у гэтым ёсьць сакрэт посьпеху. Так што лічу, што ва ўсіх ёсць шанец стрэліць і стаць топ-гульцом.

Мне здаецца, слоган «купляйце беларускае», які актыўна і агрэсіўна пачаў прапагандавацца з 2004 году ў пэўным сэнсе пайшоў не на карысьць беларускай музыцы. Калі на радыёстанцыях сталі круціць 75% айчыннай музыкі, добрых твораў відавочна не ставала, таму ў ратацыю трапілі слабыя песьні, што выклікала ў часткі слухачоў «сындром адмовы». Беларускае стала асыцыявацца з чымсьці нізкаякасным. Хоць гэта далёка ня так. Усё ж такі, кампаніі па падтрымцы свайго трэба праводзіць крэатыўна і разумна, а не ў загадным парадку. Гэта тычыцца ня толькі музыкі. Зь іншага боку, у нас ёсьць шэраг артыстаў, якія зьбіраюць вялікія пляцоўкі ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, да прыкладу: Макс Корж, IOWA, «Серебряная свадьба», The Toobes. За назвамі гэтых гуртоў стаіць велізарная праца іх мэнэджараў па рэкляме і піяры. Справа ня ў моўным бар’еры, або моўных праблемах, а ў рэкламе і творчасьці.

Нядаўна размаўляў з Аляксеем Хлястовым. Ён кажа, што ня можа дазволіць сабе выпасьці на год, каб запісаць альбом, як гэта робіцца ў ЗША ці Брытаніі. Як бы мы ні ставіліся да беларускіх эстрадных выканаўцаў, яны жывуць па тых жа законах, што і андэграўндная сцэна. Дарэчы, ад гэтага вызначэньня трэба адмаўляцца і забываць яго. Музыкі і некаторыя журналісты самі заганяюць патэнцыйных беларускіх супэрзорак у нейкія сутарэньні. Рок-музыка ўжо даўно ў мэйнстрыме, гадоў 50 ужо як. Трэба спрабаваць трапляць у ратацыю на тэлевізію і радыё, засыпаць рэдактараў лістамі і песьнямі. А наогул, мне здаецца, што як толькі ў Беларусі здымуць усенародна любімы фільм з выдатным саўндтрэкам, кшталту расейскага «Брата», то гэта моцна паспрыяе папулярнасьці нашых выканаўцаў.

Наконт эканамічнай сытуацыі… Нешта такое мы ўжо праходзілі ў 2011 годзе. Квіткі на замежных артыстаў падаражэюць, паколькі перадаплата і аплата іх ганарараў закладаецца ў замежнай валюце. Зь беларускімі крыху інакш. Проста стане менш канцэртаў. Усе выдаткі, якія закладаюць арганізатары, адбываюцца ў беларускіх рублях, а курс даляра ўплывае на многія іншыя фактары эканомікі. Нават тыя ж транспартныя выдаткі, да прыкладу… Калі публіка паўстане перад выбарам: хлеб ці відовішча, яна, натуральна, абярэ хлеб.

У дадзены момант, я не магу спрагназаваць наколькі павялічыцца кошт квіткоў у 2015 годзе. Дакладна ня ясна, што будзе пасьля 1 лютага, калі адменіцца камісійны збор. Плюс, у 2015-м нас чакаюць прэзыдэнцкія выбары. Кошт залежыць ад ганарару артыста, яго райдэраў, арэнды пляцоўкі ды некаторых іншых крытэраў. Некаторыя буйныя канцэртныя агенцтвы ўжо спрагназавалі невялікі рост кошту квіткоў на заплянаваныя мерапрыемствы. На беларускіх артыстаў, магчыма таксама вырасьце на тыя ж 10—20 адсоткаў. Але 20% ад 500 тысяч і 20% ад 80 тысяч зусім розныя лічбы. Да прыкладу, «Дай дарогу» і Аkute пэрыядычна зьбіраюць пляцоўкі на 800 чалавек, таму яны маюць права выстаўляць суму ганарару вышэй, чым многія іншыя маладыя артысты, а арганізатар ўжо падлічвае, сыходзячы з гэтай лічбы. Гурт «Без Билета» запатрабавалі на свой канцэрт у «Мінск-Арэне» кошт квіткоў ад 100 да 250 тысяч рублеў. Я лічу, што ён цалкам адэкватны. Сто тысяч сёньня гэта адзін раз схадзіць у краму. Я б параіў музыкантам, калі ў гэты складаны час, яны ня хочуць прасядзець без канцэртаў наогул, усё ж крыху апусціць планку патрабаваньняў. Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе.

А сэнс займацца арнанізацыяй беларускіх выканаўцаў канечне ёсьць! Ня зараз, то калі? Калі ня мы, то хто?).

Мікалай Маторын (арганізатар канцэртаў, фэстываляў, паб-клюб «Графіці»):

фота Аксаны Маторынай

Наведваньне любых канцэртаў гэта нейкая сінусоіда і гэта нармальна. Гэта ж творчасьць і тут няма мяжы дасканаласьці. На жаль ці на шчасьце, мы працуем не ў карпарацыі, дзе ставяць задачы на некалькі гадоў наперад і штоквартальна вывучаюць графікі продажаў. Мы займаемся творчасьцю і экспэрымэнтамі. Наша каманда займаецца арганізацыяй цікавых для нас праектаў. Што датычыцца гуртоў, якія страцілі публіку, а якія наадварот набылі, лічу, што гэта залежыць не ад гуртоў, а ад многіх іншых фактараў. Нельга ў гэтым вінаваціць толькі артыстаў і саму публіку. У гэтым годзе разваліліся выдатныя гурты, але зьявіліся і цікавыя, новыя, пра іх пакуль мала хто чуў і ведае.

Кажучы пра наведвальнасьць усё адносна. Напрыклад, на сольны канцэрт «РСП» мы зьбіралі па 800 чалавек. А фэстываль «Пiкнiк.By» некалі сабраў некалькі тысяч. У параўнаньні з кімсьці колькасьць наведнікаў вялікая, а з кімсьці — мізэрная. І справа не заўсёды менавіта ў артысьце…

На канцэрце гурта «Разьбітае сэрца пацана». Фота Аляксандра «Таранціна» Ждановіча

На маю думку, сёньняшняя валютная сытуацыя паўплывае на фармаваньне кошту на квіткі наступным чынам: стане больш бюджэтных канцэртаў, а канцэртаў зорак будзе менш, пакуль усё не ўсталюецца па заробках. Людзі, якія зарабляюць у валюце, будуць хадзіць на канцэрты часьцей. 30% не 300% усё ж такі, як мы ўжо праходзілі раней у 2011 годзе.

Для некага 150 тысяч беларускіх рублёў абсалютна адэкватны кошт за квіток. У той жа час для іншага гэта завялікая сума. У залежнасьці ад мэтавай аўдыторыі таго ці іншага гурта. Для студэнтаў гэта, вядома, зашмат, але я, калі быў студэнтам працаваў і хадзіў на мерапрыемствы па некалькі разоў на тыдзень. Па мне, сёньняшні кошт квіткоў на канцэрты беларускіх выканаўцаў больш чым адэкватны. У краме кіляграм каўбасы каштуе ня менш…

Немагчыма дакладна спрагназаваць наколькі ўздымецца кошт на квіткі ў 2015 годзе. Усё залежыць ад каньюнктуры рынку ў цэлым. Відавочна, што кошт на квіткі павінен вырасьці на гэтыя ж 20—30 адсоткаў, плюс яшчэ, каб атрымліваць разьвіцьцё, бо якасць канцэртаў у цэлым паляпшаецца.

Мы займаемся арганізацыяй вечарынак і канцэртаў з удзелам айчынных выканаўцаў і ня толькі больш за 13 гадоў і робім гэта ня толькі ў Беларусі. Таму для нас адказ відавочны: зразумела, сэнс у гэтым ёсьць.

Віталь Супрановіч (кіраўнік «БМА-group», арганізатар канцэртаў і фэстываляў «Купальскае кола», «Грунвальдзкі фэст», «Даём рады», «Калядны фэст», «Дударскі фэст» ды іншыя):

фота Аляксандра Ждановіча

Збольшага, я задаволены наведвальнасьцю арганізаваных мною мерапрыемстваў. У асноўным, усе прагнозы спраўджаны. Былі прыемныя неспадзяванкі, не абышлося безь невялікіх расчараваньняў, але глябальных трагедыяў не было.

Варта адзначыць, што наведвальнасьць канцэртаў з удзелам беларускіх гуртоў не становіцца меншай. Калі нейкі канцэрт атрымліваецца ня вельмі ўдалым, то я лічу, што за гэтым стаяць нейкія недапрацоўкі арганізатараў. Нешта, канечне, залежыць ад тых ці іншых суб’ектыўных фактараў.

Сёньняшняя сытуація, якая існуе на фінансавым рынку, менш адаб’ецца на канцэртах беларускіх гуртоў, чым на замежных, дзе выдаткі значна больш прывязаныя да замежнай валюты. Я думаю, што квіткі падаражэюць на 15—20 адсоткаў, але калі сытуацыя ня зьменіцца, то кошт на іх павялічыцца прапарцыйна. Наколькі ведаю, многія арганізатары, у тым ліку і мы, прынялі рашэньне не павялічваць кошт на квіткі, а працаваць на тое, каб гэтая розьніца кампэнсавалася наведвальнасьцю. Прынамсі, кошт квіткоў на канцэрты «Госьціцы», Віктара Шалкевіча, «J:морс», фэст «Даём рады», якія пройдуць у студзені — лютым 2015-га, пакуль не зьмяніўся, таму раім укладаць свае ашчаджэньні не ў даляры ці эўра, а ў беларускую культуру.)

Гурт «Стары Ольса» на «Калядным фэсьцэ2014», клюб Re:Public. Фота Аляксандра Ждановіча.

На тыя канцэрты, што ладзім мы, людзей прыходзіць больш. Цудоўна прайшоў канцэрт «J:морс» да 15-годзьдзя гурта. Мне здаецца, што больш поўныя залі зьбіраюць канцэрты Аkute. Прыемна, што канцэрт да 25-годзьдзя Neuro Dubel атрымаўся аншлягавы. Аналізаваць наведвальнасьць канцэртаў сваіх калег я не бяруся, бо лічу гэта не зусім карэктным. Варта ўлічваць і той факт, што мы жывем у сытуацыі пэрыядычнага зьяўленьня-зьнікненьня так званых, «чорных сьпісаў». Таму аб’ектыўна казаць якія зь беларускіх гуртоў страцілі публіку, а якія набылі, цяжка. Зьміцер Вайцюшкевіч, напрыклад, па свайму патэнцыялу можа сабраць Палац Рэспублікі, калі б «Крама», ці Аkute былі ў актыўнай радыёратацыі, то зьбіралі б Prime Hall, а мо і Палац спорту. Думаю, тая ж «Крамбамбуля», калі б не вядомыя штучныя перашкоды, зьбірала б тысячы гледачоў на свае выступы.

У арганізацыі канцэртаў беларускіх гуртоў, апроч фінансавай мэтазгоднасьці, я кіруюся яшчэ і тым, наколькі гэта карысна для беларускай культуры. Матывуе тое, што я раблю канцэрты беларускіх гуртоў, якія мне даспадобы. Таму асабіста я буду займацца гэтым і далей незалежна ад курсу беларускага рубля.

Павал Кашырын (арганізатар шматлікіх канцэртаў айчынных і замежных артыстаў, фэстываляў «Рок па вакацыях», «Рок-Каранацыя»):

фота Юліі Сакалоўскай

Гэты год па наведвальнасьці маіх мерапрыемстваў быў ня самым лепшым. Магчыма таму, што недзе была перанасычанасьць, я працаваў досыць шчыльна. Зразумела, што канцэрты, спэктаклі з удзелам знакамітых артыстаў зьбіраюць аншлягі… У першую чаргу, трэба разумець, што магу асабіста я і што ў мяне атрымліваецца. Ня ўсё атрымалася, як жадаў, але я застаўся пад прыемным уражаньнем ад працы зь людзьмі, на якіх ты глядзіш па тэлебачаньні, ці слухаеш на дыску, а тут сядзіш і размаўляеш зь імі. Чым вышэй статус у музыкаў, тым прасьцей яны ў жыцьці, як напрыклад саліст гурта Alphaville Мэрыян Голд, ці некаторыя зоркі таго ж расейскага шоў-бізнэсу.

Павал Кашырын разам з Мэрыянам Голдам

Нельга адназначна казаць, што на канцэрты беларускіх артыстаў людзі ходзяць менш. Шмат чаго, канечне, залежыць ад імя артыста. «Морсы», як зьбіралі так і працягваюць зьбіраць поўныя залі. Макса Каржа ведаюць ня толькі ў Беларусі, але па-за межамі краіны. Як мне падаецца, новы праект Міхалка Brutto цікавы тым, хто раней слухаў «Ляпісaў»… 

Час ад часу я гляджу, што адбываецца ў калег і хаджу на нейкія канцэрты. Заўсёды шчыра рады, калі на іх мерапрыемствах аншлягі. Але ёсьць такі момант: шмат людзей у залі падчас канцэрту, яшчэ ня значыць, што ён эканамічна сябе апраўдаў. Розныя бываюць моманты… Я заўсёды за тое, каб тыя людзі, якія выступаюць за «Рок-салідарнасьць» падтрымлівалі адзін аднаго, радаваліся посьпехам калег, а не няўдачам ці нейкім скандалам… Напрыклад, пасьля юбілейнага фэсту «Рок па вакацыях», калі канцэрт быў амаль аншлягавы і досыць удалы, ніхто не патэліў, не сказаў: «Дзякуй, малайцы, клёвы канцэрт атрымаўся!» Калі б я недзе лахануўся, ці ў нас адбыўся нейкі скандал, адразу б патэлэфанавалі, як у гэтым годзе, калі я быў вымушаны адмяніць фэстываль.

Ніякіх прагнозаў наконт таго, што будзе ў новым годзе згодна з эканамічнай сытуацыяй, я не магу даць, бо мы жывем нібы за люстэркам. Я пачаў карыстацца непапулярнай мерай: пакрыху ўздымаць кошт на квіткі на 10—20 тысяч рублёў. Што тут зробіш…

Я лічу, што ў мяне адэкватны кошт квіткоў на ўсе мерапрыемствы. Ва ўсялякім разе, ніхто ніколі не патэлефанаваў мне і не сказаў пра завышаны кошт квіткоў. Канечне, людзі не заўсёды разумеюць, што адбываецца, думаюць, што тут усе «хапугі», гэта адвечная праблема, заўсёды будзе нехта чымсьці незадаволены і гэта нармальна.

Я раблю канцэрты беларускіх музыкаў рэдка, але трапна!  Працую толькі з тымі людзьмі, зь якімі жадаю. Не заўсёды атрымліваецца сабраць поўную залю, але заўсёды хацелася ўзьняць уласную плянку. Нашы музыкі вельмі цудоўныя, але часам мне цікавей і прасьцей дамаўляцца наконт канцэртаў з расейскімі музыкамі, чым з нашымі. Гэтае разуменьне ўзьнікла не раптоўна, а на выснове нейкіх вынікаў за 13 гадоў працы ў сфэры арганізацыі канцэртнай дзейнасьці. У апошні час я імкнуся пераключыцца на іншую прыступку, адыходзячы ад арганізацыі канцэртаў беларускіх выканаўцаў, тым больш, што ёсьць куды імкнуцца і з чым параўноўваць…

Tuzin.fm жадае ўсім беларускім арганізатарам канцэртаў у 2015 годзе натхненьня, плёну і прыбытку. Будуць у плюсе яны — значыць будзе ў плюсе і нашая музыка.

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm