Дэбют на Tuzin.fm! Ільля Фаляжынскі. Да гарбаты зь любоўю (аўдыё)
2924 / 0
14.04.2015

Дэбют на Tuzin.fm! Ільля Фаляжынскі. Да гарбаты зь любоўю (аўдыё)

Малады выканаўца прадстаўляе на партале Tuzin.fm свой першы самотнік «Зялёная гарбата».

Ільля Фаляжынскі вучыцца на трэцім курсе ў БДУІР па спэцыяльнасьці «маркетынг». Як выканаўца ён удзельнічаў у конкурсе кавэраў «Радыё Свабода». Цяпер сам піша словы і музыку, але пэўны час сілкаваўся толькі з чужой творчасьці.

«Ужо даўно займаюся гітарай з настаўнікам, пэўны тэрін граў толькі чужыя песьні, збольшага беларускіх выканаўцаў. Аднойчы закахаўся у дзяўчыну і захацелася зрабіць нешта незвычайнае, неверагоднае. Дзякуючы гэтаму імкненьню і зьявілася мая першая песьня. Мы нават зь сябрам запісалі яе на камэру, цікава атрымалася. Як кліп быў, які я потым ў якасьці падарунка і адправіў той дзяўчыне на дзень нараджэньня. Каханьне было штуршком, дзякуючы якому я працягнуў займацца ўласнай творчасьцю і пісаць песьні. Вельмі рады, што ўсё так склалася».

Ільля цяпер піша дэбютны альбом. Размаўляе і сьпявае па-беларуску і бачыць у гэтым пэрспэктыву.

«Да беларускай мовы добра ставіўся яшчэ са школы, праўда, не заўсёды было жаданьне сядзець на ўроках. У апошніх клясах некалькі разоў хацеў пачаць размаўляць па-беларуску, але з-за адсутнасьці падтрымкі неяк жаданьне згасала. Ужо ва ўнівэрсытэце на першым курсе ў мяне атрымалася. Даволі часта наведваў розныя канцэрты беларускіх гуртоў, аднойчы пасьля выступу „Recha“ натхніўся і зразумеў, што я здольны. І цяпер амаль заўсёды размаўляю па-беларуску».

Сольных выступаў Фаляжынскі пакуль яшчэ ня меў. Але ўжо паспрабаваў сцэну — граў у межах акцыі «Арт-джэм» у «Графіці». Кажа, калі аднойчы выступіць, дык спыняцца ўжо ня хочацца. Таму Ільля мае сур’ёзныя намеры. Самотнік, які выканаўца прадстаўляе на Tuzin.fm, завецца «Зялёная гарбата».

«Гэтая песьня адлюстроўвае маю любоў да зялёнай гарбаты. Быў у мяне ў жыцьці пэрыяд, калі я даволі часта наведваў кавярні і спрабаваў розныя гатункі гарбаты. У песьні апісваецца адзін з тых выпадкаў. Яна сама па сабе лёгкая, як і тая гарбата, таму чакаю, што знойдуцца людзі, якім песьня прыйдзецца даспадобы», — прадстаўляе свой твор выканаўца і абяцае неўзабаве яшчэ некалькі прэм’ераў.

Tuzin.fm