На «Засьпявай 2.0» пададзена 55 заяваў (сьпіс канкурсантаў)
5613 / 11
04.05.2015

На «Засьпявай 2.0» пададзена 55 заяваў (сьпіс канкурсантаў)

55 заяваў прыйшло на конкурс «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы парталу Tut.by і кампаніі «Будзьма беларусамі!». Зь іх журы абярэ найлепшых у дзьвюх намінацыях — «Кавэр» і «Паэзія».

Паводле ўмоваў сёлетняга конкурсу разглядаліся заявы ад канкурсантаў да 27 гадоў. У намінацыю «Кавэр» прымаліся вядомыя беларускамоўныя (ці перакладзеныя на беларускую) песьні ва ўласным арыгінальным прачытаньні. Было атрымана 22 заявы. Канкурсанты перасьпявалі песьні гуртоў «J:морс», Akute, Zet, «Крама», «Песьняры», «Верасы», «Сябры», Kriwi, «Крамбамбуля», Naka, «Новае Неба», «Без билета», Віктара Шалкевіча ды іншых, у тым ліку прыйшло два кавэры на «Купалінку» і адзін на Adele. Цікава, што ў конкурсе акром беларускіх музыкаў упершыню ўзялі ўдзел і прадстаўнікі іншай краіны — гурт «Колір:піяна» з Адэсы падаў заявы адразу ў дзьвюх намінацыях.

Такім чынам, у намінацыі «Кавэр» заявы падалі:

Аляксееў Ільля і Аляксееў Яўген, гурт Atyla, «Групіроўка Белавежская пушча», Антон Чайчыц, Вераніка Чарняўская, гурт «Час лайна», Яўген Цярэнцьеў, Валерыя Дэле, гурт Green Pills, Iver, K3tyvana, Аляксандар Кісьлюк, «Колір:піяна», гурт «Кукіс», Марк Марко, Тацяна Матарыкіна, гурт MAZE, гурт Navi, Андрэй Новік і Ала Буркоўская, Кіра Патапчук, гурт Symphorine, гурт «Тутэйшыя».

У намінацыі «Сьпяваная паэзія» пададзена 33 заявы. Паводле ўмоваў, неабходна было самастойна выбраць верш вядомага сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і выканаць яго ва ўласнай манеры на сваю музыку. Канкурсанты сьпявалі на словы Генадзя Бураўкіна (ажно чатыры песьні!), Рыгора Барадуліна, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча, Анатоля Сыса, Ніла Гілевіча, Авяр’яна Дзеружынскага, Паўлюка Труса, Віктара Жыбуля, Валянціны Аколавай, Яўгеніі Янішчыц, Ларысы Геніюш, Анатоля Вярцінскага, Андрэя Хадановіча, Алеся Плоткі, Дзяніса Сідарка, Ірыны Зорка, Андрэя Аляксандрава, Ірыны Багдановіч, Аксаны Стрыжыч, Віктара Лупасіна, Мікіты Найдзёнава ды іншых.

У намінацыі «Сьпяваная паэзія» заявы падалі:

Гурт «НаАдзінДзень!», гурт «Апоўначы», трыё «В.В.С.», Bigi, гурт Card in All, гурт «Час лайна», гурт «Дотык», Ільля Фаляжынскі, F!B!, Пётар Гжымайла, Яна Іва, Алеся Караткевіч, Пётра Клюеў, «Колір:піяна», Паліна Красноўская, гурт Laudans, дуэт «Лэст», Лізавета Леўчык, Марк Марко, гурт M.G., гурт «Надзея», гурт Navi, Дзьмітры Нікановіч, дуэт DeltaWaves, Pauline, Надзея Прасьвірава і Аляксандар Жыбуль, Люба Ружэнка, гурт Symphorine, Павал Трон, гурт «Тутэйшыя», гурт vegetables, Марына Вярэніч, Раман Волазьнеў.

Усе песьні ўважліва адслухае журы, у якое ўваходзяць: музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песьняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глёбус і Віталь Рыжкоў, культуроляг Максім Жбанкоў, журналістка Тацяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэту конкурсу — Павал Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртаньне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!») і Сяргей Будкін (прадусар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm).

Нагадаем крэтэры ацэнкі. У намінацыі «Кавэр» ацэньвацца перадусім будзе не адпаведнасьць кавэр-вэрсіі арыгіналу і нават ня столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасьці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мысьленьня і ступень прасякненьня абраным сьпеўным матэрыялам. Будзе зьвернута ўвага на ўменьне перажыць яго наноў, на здольнасьць падаць вядомую песьню па-новаму ў перакладаньні на сваю асобу і надаць вядомаму твору іншае актуальнае гучаньне. Будуць вітацца таксама апраўданыя экспэрымэнты з музычнымі стылямі і самой формай твору. У намінацыі «Сьпяваная паэзія» будзе зьвернутая ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэньне музыкі і слова.

Вынікі будуць абвешчаныя 14 траўня на партале Tuzin.fm ды рэсурсах інфармацыйных партнэраў конкурсу. А з 18 траўня будзем знаёміцца з найлепшымі песьнямі конкурсу. Пра ўзнагароджаньне пераможцаў і фінальны канцэрт з гэтай нагоды будзе паведамлена дадаткова.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Денис Никольский
    Денис Никольский / адказаць
    04.05.2015 / 20:11

    Памылачка атрымалася. Дуэт мае назву DeltaWaves ( а не DeltaSwaves) :)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    04.05.2015 / 20:15

    Дзякуй. Паправілі

  • absler / адказаць
    05.05.2015 / 10:20

    "Паводле ўмоваў, неабходна было самастойна выбраць верш вядомага сучаснага беларускага паэта..." але ж Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Максім Багдановіч не з'яўляюцца сучаснікамі...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.05.2015 / 10:31

    Чаму не зьяўляюцца? Хто сказаў? Бураўкін і Барадулін жылі ў наш час, як гэта яны не сучасныя паэты? Купалу і Багдановічу таксама нішто не перашкаджае быць сучаснымі, калі такімі іх лічыць моладзь.
    На гэты конт быў зьняты ролік з удзелам Вольгі Гапеевай
    https://www.youtube.com/watch?v=ReDQJAyDvoo

  • absler / адказаць
    05.05.2015 / 11:08

    З Барадуліным і Бураўкіным, сапраўды цяжкае пытанне, а вось пік творчасці Купалы і Караткевіча прыходзіўся на савецкі час, Багдановіча і ўвогуле на дасавецкі. "Купалу і Багдановічу таксама нішто не перашкаджае быць сучаснымі, калі такімі іх лічыць моладзь" - гэта называецца актуальнасць, гэта іншая справа, тут няма спрэчак. У чым асабіста "ухабінка", калі б было апушчана ва ўмове гэтае "сучаснага паэта" пытанняў зусім б не было. Ды лозунг "складаем новую класіку" гучыць неадапаведна. Падалося, што ў ім і ёсць асноўная думка - пазнаёміць з сучаснымі паэтамі, каб на слыху не толькі Купала і Колас (з школьнай праграмы паэты) былі.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.05.2015 / 11:17

    Ніякіх цяжкасьцяў няма, не выдумляйце. Асабліва з Барадуліным і Бураўкіным. Гэта нашы сучасьнікі. Наогул жа мы адмыслова не акрэсьлівалі жорстка паняцьце "сучасны паэт". Няхай кожны для сябе вызначае хто для яго сучасны.
    Калі задумацца, то новая класіка можа быць і на Купалавы і на Багдановічавы словы, чаму не. У астатнім - шмат заяваў пададзена на вершы зусім маладых паэтаў, так што з нашай паэзіяй усё ок:).

  • Яўген Бойка
    Яўген Бойка / адказаць
    08.05.2015 / 03:42

    Спадарства 12tuzin@gmail.com Вам была зроблена трапная заўвага ад absler.
    Чаго казаць дзіўнае "хто як сабе лічыць", калі дастаткова сказаць: "зрабілі выключэнне".
    Умовы вызначаюць і акрэсліваюць агранізатары конкурсу, а не "хто як хоча".
    Сучасныя і Барадулін, і Бураўкін, класічныя (заўсёды актуальныя) Караткевіч і Багдановіч.
    Карацей кажучы, absler +100 за ўважлівасьць, Тузін + 99 (+100 за арганізацыю і -1 за вось гэты каментары).
    )

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.05.2015 / 11:40

    Яўген, absler, будзем удзячныя калі вы прапануеце сваё ўласнае вызначэньне паняцьця "сучасная паэзія".

  • Таццяна / адказаць
    12.05.2015 / 21:02

    Наконт сучаснай паэзіі...Паглядзіце відэа. http://www.baradulin.by/videa/andrej-xadanovich-rygor-baradulin-za%D1%9Esyody-suchasny-paet-videa.html

  • Белочь Стрелочь
    Белочь Стрелочь / адказаць
    14.05.2015 / 15:32

    ну i дзе вынiкi?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    14.05.2015 / 16:51

    Фіналісты конкурсу «Засьпявай 2.0» выступяць на плошчы Свабоды
    http://tuzin.fm/article/2054/finalisty-konkursu-zaspiavaj-20-vystupiac-na-ploscy.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ