Кіраўнік Оntourcloud Алег Ціханаў: «Мы ствараем важную рэч, якой яшчэ няма ў сьвеце»
7576 / 2
28.07.2015

Кіраўнік Оntourcloud Алег Ціханаў: «Мы ствараем важную рэч, якой яшчэ няма ў сьвеце»

Стваральнікі праграмы Оntourcloud распавялі ў інтэрвію Tuzin.fm пра сваю ідэю аблегчыць жыцьцё сабе і людзям. Яны ствараюць новы сэрвіс, які можа зрабіць рэвалюцыю ў музычным мэнэджмэнце.

Герой нашага інтэрвію — асоба добравядомая ў музычных колах Беларусі, Расеі, Украіны ўжо шмат гадоў. Паводле свайго досьведу ён ужо сьмела можа напісаць кнігу па тэорыі і практыцы музычнага мэнэджмэнту. Арганізацыя канцэртаў, тураў, фэстываляў, прадусаваньне шэрагу знаных выканаўцаў, праца ў буйной сетцы продажу квіткоў і генпрадусарам на музычным тэлеканале, — гэта вельмі сьціслы пералік таго, чым займаўся Алег Ціханаў. У апошні час усе свае намаганьні ён укладае ў распрацоўку зусім новага і ўнікальнага мабільнага дадатку Оntourcloud, тэставы варыянт якога можа зьявіцца ўжо гэтай восеньню.

Мы сустрэліся з Алегам і праграмістам Яраславам у сквэрыку ў цэнтры Менску, каб пагутарыць пра праект, які называюць у ліку самых цікавых беларускіх стартапаў-2015 і які рэальна можа зрабіць рэвалюцыю ў музычным сьвеце.

ТГ: Калі і якім чынам паўстала ідэя стварэньня праекту Оntourcloud

Упершыню я задумаўся аб праекце тры гады назад, калі займаўся канцэртамі і гастрольнымі турамі гуртоў «Воплі Відаплясава», Zorge, сьпявачкі Ніно Катамадзэ ды іншых артыстаў. У адзін цудоўны момант, мне стала зразумела, што я выдаткоўваю вельмі шмат часу і грошай на арганізацыю гастрольнага туру пэўнага гурта. Калі з «Воплямі» атрымлівалася ўсё больш-менш добра, то працуючы канцэртным дырэктарам сярэдняга па мерках Расеі гурта, чые ганарары даволі сьціплыя, апраўдаць выдаткі досыць цяжка. Часам той невялічкі заробак, што я атрымліваў, траціўся толькі на пералёты і тэлефонныя размовы. Таму ў мяне і нарадзілася ідэя аўтаматызаваць сваю працу з дапамогай праграмы, стварэньнем якой мы актыўна займаемся.

ТГ: Атрымліваецца, што мэта праекту палегчыць працу па арганізацыі гастрольных тураў?

Так, але наш праект мае некалькі мэтаў. Па-першае, аўтаматызаваць гастрольныя туры. Другая мэта дапамагчы музыкам, артыстам розных жанраў, паколькі праграма разьлічана на шырокае кола творцаў, якія могуць гастраляваць і знаходзіць адзін аднаго. Яшчэ і клюбным пляцоўкам будзе больш працы.

ТГ: З чаго Вы пачалі?

Я наведваў канфэрэнцыі, сустракаўся з рознымі праграмістамі. Яны казалі, каб я кінуў дурное, бо ўжо ўсё ў гэтай галіне ствараецца. Нават паказалі рэсурсы, за якімі я назіраў тры гады. Карыстаўся рознымі рэсурсамі для сваёй працы, але ў выніку нічога не атрымлівалася. Таму мы проста вырашылі стварыць сыстэму для сябе. Так, як мы бачым гэты рынак. Пачалі распрацоўваць у ёй дробныя інструмэнты, патрэбныя для гастроляў, пошуку артыстаў, пляцовак і г. д.

ТГ: А што за гэты час зрабілі Вашыя канкурэнты?

Нашыя далёкія канкурэнты, якія нам і не канкурэнты, стварылі цудоўныя сэрвісы, але яны дагэтуль не зьмяшчаюць той інструмэнтар, які патрэбны мне, як канцэртнаму дырэктару. Яны распрацавалі базы артыстаў, дзе ёсьць апісаньне гурта/артыста і кантакты іх букера — vip-booking, існуе gigmit, дзе ствараецца старонка нейкага фэстывалю, разьмяшчаецца інфармацыя аб ім, робіцца заклік да музыкаў, каб яны падавалі заяву на ўдзел у фэсьце. Кожная група можа зайсьці на сайт, пазначыць сябе ў нейкім фэстывалі, а потым яго дырэктар праглядае ўсе гэта і выбірае ўдзельнікаў лайн-апу.

ТГ: Вы ствараеце Оntourcloud для спрошчваньня ўласнай працы. А які менавіта інструмэнтар патрэбны Вам, як канцэртнаму мэнэджару?

Плянавальнік гастрольных тураў, дзе ўсё будзе па паліцах. Напрыклад, у мяне ёсць заданьне: гастрольны тур «Воплей Відоплясава». Ёсьць некалькі канцэртаў, якія неабходна зьвязаць разам. Што мне для гэтага трэба? Па-першае: узьняць народ на месцах, у тых гарадах, дзе нам патрэбны выступ; прагледзіць усю лягістыку, каб яна была нескладанай для артыста, каб адзін горад плаўна перацякаў у іншы. Таксама, мне патрэбна знайсьці «правільныя» гатэлі і адпаведныя пляцоўкі, каб яны падыходзілі па райдэры. І самае галоўнае арганізатара, таго, хто будзе працаваць з артыстам на месцы. Быццам бы гэта досыць лёгка, але праўда заключаецца ў тым, што падрыхтоўка дзесяцідзённага гастрольнага туру часам займае 1—1,5 месяца. Бывае дзе-небудзь штосьці зрываецца адразу неабходна шукаць іншую лягістыку.

ТГ: З інструмэнтамі разабраліся. А ў чым усё ж такі «фішка» Вашай праграмы?

Наш праект Оntourcloud зьяўляецца глябальнай інтэлектуальнай сыстэмай пошуку артыстаў і плянаваньня гастрольных тураў, якая цалкам за цябе знойдзе зручную лягістыку, гатэлі, свабодныя пляцоўкі, адшукае арганізатара ў неабходным горадзе, і больш за тое раскажа пра арганізатара: якая ў яго канцэртная гісторыя, наколькі ён адказны, што таксама вельмі важна, і наогул, можна будзе адразу паглядзець водгукі пра яго, даведацца чым ён жыве і г. д. Мы спалучым у адной сыстэме своеасаблівы skyscanner, booking, tripadvisor, калі дазволіце нават foursquare, і канечне, вельмі складаныя ўласныя напрацоўкі. Наш праграміст Яраслаў, цяпер вельмі старанна працуе над гэтым.

ТГ: Выходзіць, што мэнэджарам гуртоў, артыстам, і, уласна музыкам такі сэрвіс дазволіць эканоміць грошы і час?

Так! Дзякуючы таму, што ўся сыстэма будзе аўтыматызаванай, атрымаецца эканоміць на часе, пералётах, гасьцініцах. Ёсьць яшчэ і такая «фішка». Напрыклад, калі арганізатар хоча прывезьці якога-небудзь артыста, то яму можа прыйсьці абвестка, што гэты артыст, якраз праяжджае празь цябе, або недзе побач адбываецца ягоны гастрольны канцэрт. У арганізатара будзе магчымасьць адразу ўбачыць суму выдаткаў і не турбаваць для гэтага мэнэджмэнт артыста. Арганізатар адразу сможа даведацца райдэр: колькі патрэбна нумароў у гатэлі, каньяку, і г. д.

Напрыклад, ганарар артыста складае дзесяць тысяч даляраў + пяць тысяч на лягістыку, адразу разумееш, што яго можна перахапіць з суседняга гораду, асабліва калі ён будзе вольны некалькі дзён паміж іншымі канцэртамі гастрольнага туру. Такім чынам, і артыст ня будзе сядзець дома, і арганізатару лягістычныя затраты абыйдуцца ня ў пяць тысяч, а ў дзьве… У выніку атрымліваецца эканомія сродкаў, а пры жаданьні можна зьнізіць кошт на квіткоў на гэты канцэрт. Дзякуючы нашым уласным напрацоўкам усё злучаецца ў зручную для карыстаньня сыстэму, якая дазваляе будаваць гастрольную лягістыку.

Вось яшчэ карысная рэч непасрэдна для артыста. Уявім, што я музыка і зьбіраюся гастраляваць па сьвеце. Мой першы выступ заплянаваны ў Лёндане, апошні дзесяты ва Ўладзівастоку. Оntourcloud дапаможа злучыць гарады з другога па дзявяты і дадаткова пакажа месцы, дзе я змагу выступіць. Звычайна, злавіць такую лягістыку вельмі складана, а з праграмай будзе проста.

ТГ: Значыць, калі мне захочацца арганізаваць у Менску, напрыклад, канцэрт Стынга, які будзе выступаць неўзабаве ў Кіеве, то я змагу яго перахапіць і мне гэта абыдзецца таньней, чым запрасіць яго зь Лёндану, ці дзе ён там жыве?

Гэта самае простае, што вырашыла наша праграма. А можа быць так, што раптам Стынг выступае ў Кіеве на карпаратыве і Вы хочаце запрасіць яго ў Менск, але ня ведаеце пра гэта, то наш дадатак будзе ведаць.

ТГ: Як?

Умоўна кажучы, Стынг нам сам пра гэта паведаміць. Дзякуючы нашым ноў-хаў мы зможам адсочваць усе выступы розных артыстаў і месцы, дзе яны будуць адбывацца.

ТГ: Якім чынам можна адсочваць гэтую інфармацыю?

Нейкія гурты вядуць старонку на фэйсбуку. Існуюць сэрвісы для музычных фанатаў, на якіх зьмяшчаюцца афішы розных выканаўцаў, найвядомейшы зь іх — Bandistown. Усім гэтым можна карыстацца, самае складанае — супаставіць усе зьвесткі і ўнесьці іх ў праграму. Больш складаныя рэсурсы пакуль трымаем у таямніцы. Уся інфармацыя на паверхні, проста трэба ведаць куды накіраваць нашых робатаў (усьміхаецца).

ТГ: Вы ўзгадалі праграміста, а хто яшчэ складае каманду праекта Оntourcloud, і як яна ўтварылася?

Калі я зволіўся са свайго апошняга месца працы на «квітках» (Алег быў кіраўніком аддзелу маркетынгу на Kvitki.by адной з найбуйнейшых сетак тэатральна-канцэртных касаў па ўсёй Беларусі, — заўвага tuzin.fm), каб нарэшце ўсур’ёз заняцца працай над праектам, я зрабіў пост у фэйсбуку з заклікам кшталту: «Эй, зьбіраю каманду!».

Мне пісалі розныя людзі, але больш за ўсіх уразіў Яраслаў, які адгукнуўся на мой пост: «Чувак, у цябе па прадакшану нічога няма, што ты зьбіраесься рабіць?» Такая сьмелая заўвага мяне зьдзівіла. На наступны дзень мы сустрэліся, а літаральна на другі дзень пасьля нашай размовы, Яраслаў прапанаваў рашэньне праекту, чым уразіў мяне яшчэ больш.

(Сам Яраслаў прызнаўся, што праект прыцягнуў яго ўвагу сваёй складанасьцю: «Ідэя была зразумелай. Я прыдумаў як лепш тэарэтычна ўвасобіць яе, і мы цяпер займаемся гэтым практычна», — адзінае, што патлумачыў мне праграміст праекту Оntourcloud, які таксама прысутнічаў падчас нашай размовы, але сьціпла назіраў за ўсім з боку, — tuzin.fm)

Яраслаў у нашай камандзе крыху больш за два месяцы, увесь гэты час ён займаецца тэхнічнай працай над праектам. Цяпер у склад нашай каманды, акрамя нас зь Яраславам, уваходзіць муза і сааўтар многіх «фішак» праекту — дызайнэр Така Ціханава, мая жонка, вельмі дарагі для мяне чалавек, любімая мама нашых чатырох дзетак.

Ёсць яшчэ некалькі чалавек, вельмі блізкіх да праекту зь першага дня, але пакуль мы ня можам агучыць іх прозьвішчы. Былі яшчэ розныя людзі, але яны прыходзілі і сыходзілі. Калі мы «станем на ногі», то абавязкова аддзячым іх за той, ці іншы ўнёсак.

На сёньня нашая каманда фармуецца. Таму мы будзем рады вітаць iOS і Front-End-распрацоўшчыкаў, а таксама цікавых людзей, зь якімі мы зробім вельмі патрэбны мабільны дадатак.

ТГ: Праца вялікая, цікавая, складаная. Зь якімі праблемамі сутыкаецца каманда Оntourcloud?

На сёньня, галоўная цяжкасьць датычыцца пошука інвэстара, але мы яго шукаем нядоўга, недзе зь месяц. За гэты час мы наведалі міжнародныя канфэрэнцыі ў Лёндане, Канах, Таліне, Барсэлёне, Парыжы, Бэрліне, Піцеры, дзе расказалі пра наш праект. Прыемна, што ён атрымлівае станоўчыя водгукі. Да гэтага нас ужо крыху падтрымалі некаторыя людзі, за што мы ім удзячны. На самой справе, калі ідэя добрая, то на яе нескладана знайсьці грошы. Складана атрымаць іх граматна, каб не застацца «без штаноў». Для мяне вельмі важна атрымаць грошы і пакінуць праект такім, якім мы яго задумалі.

Некаторыя канкурэнты ў галіне музычных IT-тэхналёгіяў, прапануюць сумесную працу, але мы пакуль намагаемся зрабіць наш праект сваімі рукамі. Вельмі хочацца, каб праект заставаўся беларускім. Зразумела, што калі ён запрацуе на ўсю моц, прыйдзецца адчыняць офісы па ўсім сьвеце, бяз гэтага ніяк не абыйдзецца, бо такая праца вельмі часта патрабуе асабістага кантакту з кліентамі.

ТГ: Калі праграма выйдзе ў сьвет?

Пра поўны запуск Оntourcloud пакуль складана сказаць, таму што праект вялікі і ёсьць шмат пытаньняў. Нам даводзіцца працаваць са шматлікай колькасьцю крыніц інфармацыі, а потым супастаўляць усё разам, на што патрабуецца час. А тэставы варыянт, хутчэй за ўсё, запрацуе ўжо гэтай восеньню.

ТГ: Колькі будзе каштавать карыстальнікам Ваш унікальны мабільны дадатак?

Увесь асноўны функцыянал будзе бясплатным. Любы малады музыкант і арганізатар зможа ім скарыстацца, дадатковыя «фішкі» можна будзе атрымаць за грошы. На самой справе, каштаваць гэта будзе нядорага. На сёньня, калі ганарар нейкага гурта з аднаго канцэрту складае 20 000$, то зь іх, як мінімум, дзесяць адсоткаў трэба сплаціць агенту за яго паслугі.

Пакет інструмэнтаў, які дапаможа вырашыць шмат арганізацыйных пытаньняў за некалькі хвілін, будзе каштаваць карыстальніку ня больш за 75 даляраў на месяц. Зразумела, чым больш функцыяў, тым больш кошт — гэта ўсё прадугледжана ў некалькіх варыянтах платнай падпіскі, за якую сур’ёзны музыкант ці арганізатар сам захоча заплаціць, каб карыстацца такой зручнай сыстэмай.

У нейкі момант, у мяне склалася бачаньне нашага дадатку ў адзіны інтэрфэйс. Той, які мы ствараем цяпер, ужо трэці па ліку, і ён нам вельмі падабацца. Калі б я меў такі інструмэнт гады тры-чатыры таму, я быў бы шчасьлівы, бо ў мяне было б больш часу на маркетынг і на ўсё астатняе. Больш за тое, я б мог да гэтага часу працаваць з рознымі гуртамі, сумяшчаючы некалькі прац. Мы ствараем важную рэч, якая дапаможа палегчыць працу і эканоміць усім, хто задзейнічаны ў галіне шоу-бізнэсу.

ТГ: На якую будучыню спадзяецца каманда праекту Оntourcloud?

Ну як жа! Сусьветная вядомасьць з 555 офісамі паўсюль, дзе толькі магчыма, усе «Оскары» і шмат чаго такога (сьмяецца). Насамрэч, уся складанасьць і адказнасьць у тым, што мы робім крок у абсалютна нязьведаную будучыню. Як бы гэта дзіўна ні гучала, але раней такога не было. Мы робім тое, чаго няма ў сьвеце, таму пакуль вельмі складана казаць пра будучыню.

ТГ: Што акрамя асноўнай працы над праектам можа прыцягнуць увагу Алега Ціханава?

Я б з задавальненьнем заняўся якім-небудзь беларускім гуртом, у якасьці дырэктара, але пакуль такія прапановы адсутнічаюць. Праўда, я крыху супрацоўнічаю з гуртом Nizkiz. Вельмі люблю «Троіцу», зь якой мы супрацоўнічалі раней. Любіў і дагэтуль люблю Osimira. Нягледзячы на тое, што ў мяне былі праекты і раней, менавіта падчас супрацы з Osimira я вырас як музычны прадюсар. Мы былі такой адзінай гастрольнай сям’ёй. Калі б сёньня музыкі аднавілі гурт, з радасьцю папрацаваў бы зь імі зноўку. Увогуле ўсіх-усіх люблю з кім калісьці працаваў!

Сачыць за навінамі праекту Оntourcloud можна праз афіцыйную суполку

Гутарыла Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, фота Аліса Ахрамовіч 

КАМЕНТАРЫ: