Мікіта Васільеў закрыў праект (((О))): «Я апынуўся нібы ўнутры аповеду Кафкі»
3146 / 3
04.08.2015

Мікіта Васільеў закрыў праект (((О))): «Я апынуўся нібы ўнутры аповеду Кафкі»

Электроншчык з Гомелю, чые альбомы двойчы прызнаваліся найлепшымі ў беларускай музыцы па вэрсіі замежных экспэртаў на ўзнагародах Experty.by, і чыю творчасьць хваліў мэнэджар Pink Floyd, заявіў пра закрыцьцё свайго праекту (((О))) і распавёў у маналёгу для Tuzin.fm што яго падштурхнула да гэтага кроку.

Я закрыў (((О))). Так, гэта праўда, на гэты раз сапраўды «алес капут» праекту майму. Прычынаў шмат, я нават ня ведаю, з чаго пачаць. Паспрабую сфармуляваць, але за вынік не ручаюся.

Асноўная прычына — фінансавая няздатнасьць. Плаціць за мае выступы ніхто ня хоча, асабліва тут, у Беларусі. Калі ў СПб я яшчэ атрымліваў абумоўлены загадзя ганарар, то ў нас у краіне пра ганарар гаворка ніколі не вялася — у найлепшым выпадку мне плацілі 50% ад прыбытку клюбу, якую гэты клюб атрымліваў на працягу майго канцэрту.

Другая прычына — малая колькасьць прапановаў выступіць. Унутры складзенай суполкі так званых вітчгаўс-музыкаў я нібыта паважаны чалавек, шмат хто з расейскіх рабятаў, якія ўжо адбыліся, пры асабістай сустрэчы казалі мне, што я паўплываў на іх у свой час, што менавіта мае раньнія трэкі натхнілі іх на стварэньне чагосьці падобнага. І пры гэтым (тут я магу памыляцца, але бачыцца мне ўсё менавіта так) я заўсёды адчуваў сябе пэрсонай нон-грата ў гэтай супольнасьці — клічуць выступаць толькі на «Ведзьмін дом» (СПб). Усе тэматычныя паблікі «УКантакце» абыходзяць мяне бокам, ніякіх публікацыяў ніколі не было. Па чутках, некаторыя людзі з унутранай тусоўкі часам адгукаюцца пра мяне ня лепшым чынам, хоць у вочы, вядома ж, кажуць зусім інакш. І гэтак далей і да таго падобнае. Вочы баляць глядзець, як бяздарны Вася з расейскага мухасранску катаецца па гарадах і вёсках зь летнім турам, рубіць на сваёй неда-музыцы бабло і прасоўваецца ўсімі тэматычнымі паблікамі, у той час як я камусьці чымсьці не дагадзіў нібыта, і таму магчымасьці гэтак жа катацца па гарадах ня маю.

Адзін з выдатных трэкаў (((О))) «Hour of Secrecy», запісаны разам з Алесем Катом-Зайцавым на словы Эдгара Алана По. Трэк заліты на акаўнт Tuzin.fm, бо ўліковыя запісы (((О))) разам з аўдыётрэкамі выдаленыя

Трэцяя прычына ў тым, што я ўвесь час сутыкаюся зь людзьмі, якія абяцаюць наладзіць мае справы, зьвесьці мяне з лэйбламі або дыстрыбутарамі, але нічога ня робяць па выніку. У мяне ўжо чуйка выпрацавалася на такіх містэраў.

І апошняя прычына. У межах аднаго праекту я рабіў абсалютна ўсё, ад нейкага паўдабстэпу і гаўсу да эмбіенту, што ня ёсьць добра. Але ня клічуць выступаць мяне, я мяркую, ня з гэтай прычыны. Ці чулі вы праект portwave, напрыклад? Я такое пісаў, калі толькі пачаў музыкай займацца, і мяне шляхетна абсіралі ў тыя часы за маё няўменьне рабіць «як трэба». А вось глядзі ж ты, хлопец мае посьпех. Тэатар абсурду нейкі, я нібы ўнутры аповеду Кафкі. Калі для посьпеху трэба быць няздарам, я хачу быць самым бяздарным чалавекам у сьвеце.

Прома-ролік да конкурсу «Засьпявай 2.0». Музыку да яго стварыў (((О))) разам зь Яўгенам Барышнікавым. 

Праект закрыты канчаткова і беспаваротна, але музыкай займацца я працягну. Проста ўлічу ўвесь назапашаны вопыт і буду дзейнічаць па-за межамі якой-небудзь тусоўкі з гэтага часу. У мяне ёсьць жывы склад цяпер — барабаны-гітара-бас. У тэхнічным пляне я нядрэнна падрос, пачуцьцё стылю абвастрылася, патрэбных знаёмстваў сабралася дастаткова. Што-небудзь з гэтага атрымаецца, я думаю. Зараз перавяду дух, на нейкі час тут залягу на дно, а потым, калі буду гатовы, зноў дам пра сябе ведаць. Ва ўсякім выпадку, мне хочацца верыць, што менавіта так і будзе.

Мікіта Васільеў, для Tuzin.fm, фота Дзьмітрыя Радзівона

Мікіта Васільеў (23 гады) — заснавальнік і адзіны ўдзельнік праекту (((О))) з Гомелю, працуе ў электроннай музыцы. Яго альбомы Forever I Am (2013) і Motherland (2014) называліся найлепшымі ў беларускай музыцы па вэрсіі замежных экспэртаў на ўзнагародах Experty.by ў 2013 і 2014 гадах. З фурорам выступіў на Vilnius Music Week — 2014, дзе быў адзначаны музычнымі адмыслоўцамі з Ірляндыі, Францыі, Расеі, Швэцыі, Велікабрытаніі, у тым ліку Пітэрам Джэнэрам, першым мэнэджарам Pink Floyd і The Clash. У 2015 годзе распачаў экспэрымэнты з народнай музыкай і запісаў у супрацы зь Яўгенам Барышнікавым трэк «Лысы».

КАМЕНТАРЫ:

  • Samotnik / адказаць
    04.08.2015 / 18:14

    Лагічны ўчынак, на мой погляд. Мікіце, напэўна, ужо цесна ў межах праекта (((О))), трэба выходзіць на новы ўзровень.

  • Zap / адказаць
    05.08.2015 / 11:12

    Людзі дзесяцігодзьдзямі граюць без фінансавых вынікаў і проста для сваіх фанаў. Гэта Беларусь, дзетка :)

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.11.2015 / 19:24

    Мікіта знайшоўся з новым праектам
    http://experty.by/content/skaen-vmesto-o-slushat-skachat

  • КАМЕНТАВАЦЬ