Зубры і зубраняты. 11 гітоў беларускага року ад «25 АБ-БА Аркестру» (прэм’ера!)
9322 / 3
01.09.2015

Зубры і зубраняты. 11 гітоў беларускага року ад «25 АБ-БА Аркестру» (прэм’ера!)

На Tuzin.fm інтэрнэт-прэм’ера альбому «25 АБ-БА Аркестр», у які ўвайшлі гіты апошніх 25 гадоў у выкананьні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава, Юркі Асеньніка ды Хрыстафора Сяськевіча ў суправаджэньні дзіцячага хору з Падляшша.

Беластоцкае аб’яднаньне «АБ-БА» існуе 10 гадоў ды мае на мэце дапамогу дзецям і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама падтрымку бацькоў і настаўнікаў. Менавіта сябры «АБ-БА» сабралі летась разам 25 вучняў беластоцкай пачатковай школы №4, музыкаў пад кіраўніцтвам Паўла Азяблы ды беларускіх сьпевакоў, каб у такой манеры павіншаваць фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» з 25-годзьдзем.

Дзеткі зь Ігарам Варашкевічам

«Многія з нас былі арганізатарамі ў першыя гады існаваньня фэстывалю. Цяпер „Басовішча“ робіць пакаленьне нашых дзяцей, сярод якіх і нашыя ўласныя, — кажа каардынатар праекту Бася Пякарская, — Таму мы палічылі вельмі патрэбным такім чынам аб’яднаць пакаленьні».

Дзеткі з Аляксандрам Памідоравым

У альбом «25 АБ-БА АРКЕСТР» увайшлі гіты апошніх 25 гадоў у выкананьні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава і лідэраў культавых беларускамоўных камандаў з Падляшша Юркі Асеньніка (ZERO-85) ды Хрыстафора Сяськевіча (Kardon) у суправаджэньні дзіцячага хору. Запрашэньні да супрацоўніцтва атрымалі таксама Слава Корань, Сяргей Міхалок, Аляксандар Кульлінковіч, Кася Камоцкая ды іншыя, аднак яны з розных прычынаў не змаглі паўдзельнічаць.

Дзеткі зь Юркам Асеньнікам

Дзеля стварэньня складанкі сабралася цэлая каманда. Музыка і мастак Юрка Асеньнік згенэраваў ідэю, настаўніца беларускай мовы ў пачатковай школе № 4 у Беластоку Аліна Ваўранюк падрыхтавала дзетак да канцэрту, а журналістка Кацярына Жамчужнікава працавала зь дзецьмі падчас запісу. Ролю мастацкага кіраўніка ўзяў на сябе Лявон Вольскі.

Дзеткі зь Лявонам Вольскім

«Праца ішла весела ды нязмушана, бо гэта ж дзеці, — кажа Лявон Вольскі. — Я некалькі разоў прыяжджаў у Беласток на рэпэтыцыі цягам году. Спэцыфіка працы гэткая, што трэба за дзьве гадзіны зрабіць усё магчымае, бо потым дзеці стамляюцца і ўжо кепска рэагуюць на бізун і пернік. А наогул, гэта досыць высокі ўзровень мастацтва — калі дзіцячы хор на сцэне пяе разам з харызматычным Хрыстафорам: „Чарнабыль, радыяцыя, памірае наша нацыя“, а ты раптам разумееш, што, насуперак прагнозам, за апошнія 25 гадоў нацыя не памерла. Яна жыве таксама ў гэтых беластоцкіх дзетках, якія старанна выводзяць кранальнымі галасамі: „Вось мая зямля пад нагой бяжыць, вось мая зямля ў сьнягох ляжыць…“».

Дзеткі з Хрыстафорам Сяськевічам

Жывая прэм’ера праекту адбылася на фэсьце «Басовішча-2014», аўдыёвэрсія альбому ў інтэрнэце ўпершыню прэзэнтуецца на Tuzin.fm

 «25 АБА Аркестр»:

1. Зямля (Мроя) вакал: Лявон Вольскі, Юлія Баравік, Ксэня Клімюк, Зося Конюх

2. Слуцкая брама (Бонда) вакал: Ігар Варашкевіч

3. Стэфка (Бонда) вакал: Ігар Варашкевіч

4. Партызаны (N.R.M.) вакал: Лявон Вольскі

5. Шызафрэнія (R.F. Braha) вакал: Юрка Асеннік

6. Радзіма-свабода (ZET) вакал: Лявон Вольскі

7. Будзь разам з намі (Krama) вакал: Ігар Варашкевіч

8. Дым (Pomidor/Off) вакал: Аляксандар Памідораў

9. Песьні пра каханьне (N.R.M) вакал Лявон Вольскі

10. Тры чарапахі (N.R.M) вакал: Лявон Вольскі, Зося Конюх

11. Рaдыяцыя (Kardon) вакал: Хрыстафор Сяськевіч

музыкі: гітара — Павал Азябла, бас-гітара — Рыгор Карповіч, пэркусія — Пётар Азябла

графічная апрацоўка: Plajster (Юрка Асеньнік)

запіс і майстарынг: WeM Studio Mariusz Grochowski

Спампаваць альбом «25 АБ-БА Аркестр» адным файлам з Tuzin.fm

Tuzin.fm, фота Ab-ba.com.pl

КАМЕНТАРЫ:

  • RockeR / адказаць
    02.09.2015 / 11:18

    Гуд!
    Але "Слуцкая брама" зэ бэст атрымалася :)

  • Яўген / адказаць
    02.09.2015 / 15:16

    +1 , брама - лучше остальных вышла

  • vk20 / адказаць
    04.12.2015 / 11:47

    Хiты амаль усе песьни. Але :
    1. "Слуцкая Брама"
    2. "Стэфка"
    3. "Дым"
    Дзеткам дзякуй !
    9\10

  • КАМЕНТАВАЦЬ