!OUT: Orkester Kruglikov наэлектрызаваў «Бураціну» (прэм'ера LP)
2387 / 0
12.09.2015

!OUT: Orkester Kruglikov наэлектрызаваў «Бураціну» (прэм'ера LP)

Майстар колеру й гуку Юры Круглікаў заявіў, што ягоны сумесны праект з паэткай Вольгай Чайкоўскай MЯTNA спыніў існаваньне. Затое паўстаў Orkester Kruglikov, які складаецца з аднаго Юрыя. Аўтар прэзэнтуе на Tuzin.fm новы альбом «Крэкс! Пэкс! Tracks!».

Свой дэбютны альбом Orkester Kruglikov запісаў два гады таму. Сюіта «Krater Locater» распавядала пра «экзыстэнцыйнае адзіноцтва ў варожым космасе». У сёлетнім рэлізе Юры Круглікаў заняўся пераасэнсаваньнем дзіцячае клясыкі. Праца цалкам самастойная — ад стварэньня музыкі да росьпісу вокладкі.

«Нягледзячы на ўласьцівы альбому некаторы карусэльны настрой і цытаваньне з „Бураціны“, я б не назваў яго такім ужо казачным, ­— кажа аўтар. — Калі гэта толькі не цьмяністая постмадэрнісцкая казка для дарослых. Дарэчы, я вялікі прыхільнік саўндтрэку да „Прыгодаў Бураціны“, зьнятых на „Беларусьфільме“, і лічу яго адным з найлепшых узораў савецкага арт-року».

Тым ня менш, калі параўноўваць з усімі ранейшымі вопытамі Юрася Круглікава, альбом «Крэкс! Пэкс! Tracks!» атрымаўся найбольш пазытыўным. Ці, як кажа сам музыка, «шызафрэнічна-гарэзьлівым». Музыка нагадвае гульню з папяровымі лялькамі альбо калярова-графічныя малюнкі самога Юрыя, дынамічна раскладзеныя на піксэлі.

«Так, для маёй музыкі больш характэрная трагічная інтанацыя. Але часам пішуцца й такія, больш бадзёрыя трэкі. Да канца пазытыўным альбом, канечне, не назавеш, як і ўсьмешку на вокладцы. Гэткі кіслотна-трэшавы пазытывізм атрымаўся», — распавядае Юрась.

Юры Круглікаў выкладае сваю музыку па нотках у праграме-сэквэнсары. У пэўным сэнсе гэта ручная праца, як гафтаваньне альбо мазаіка. Аўтар называе свой мэтад «аўтарскай арт-электронікай», а шукаць нейкія пабочныя ўплывы раіць у нямецкім краўт-року 1970-х. 

Заснавальнік праекту з упэўненасьцю кажа: «Я зарабляю на жыцьцё рэклямай. І гэтая сфэра маёй дзейнасьці ніяк не перасякаецца з праектам Orkester Kruglikov. Такое разьмежаваньне, з майго пункту гледжаньня, зьяўляецца найбольш прымальным і слушным. Я лічу, што творца павінен быць абсалютна вольным ад усяго, што зьвязана з грашыма».

Спампаваць альбом Orkester Kruglikov «Крэкс! Пэкс! Tracks!» адным файлам можна па гэтай спасылцы. Старонкі праекту ў FB/УК.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm