Haina: новы гурт лідэра «Абшару»
6275 / 2
12.11.2013

Haina: новы гурт лідэра «Абшару»

Лідэр гурта «Абшар» Ільля Паплёўка заснаваў новы праект Haina — рок-гурт, які падкрэсьлена не выкарыстоўвае гітараў. Што да «Абшару», то ён прыпяняе сваё існаваньне.

Гурт Haina заснавалі летам удзельнікі каманды «Абшар». Зьмянілася ня толькі назва. Музыкі кажуць, што гэта цалкам новы гурт з новымі песьнямі, хоць безумоўна яго можна лічыць працягам папярэдняга.

«Гэта ўсё тыя ж музыкі, зь якімі мы разам ужо ня першы год, аднак па шчырасьці гурт мае ня так шмат агульнага з ранейшай творчасьцю. Найперш тычыцца выкарыстаных інструмэнтаў і, адпаведна, падыходу да аранжыровак.  У Haina увогуле няма гітараў, нашы тры інструмэнтальныя кіты — баян, скрыпка і барабаны», — тлумачыць лідэр новага ўтварэньня Ільля Паплёўка, які грае на баяне. Акром яго ў склад каманды ўвайшлі Каця Кузьміна (скрыпка) і Саша Кузьмін (бубны).

Музыкі доўга падбіраліся да рэалізацыі свайго праекту, асабліва складаным быў тэхнічны момант, калі давялося раскрыць схаваныя рэсурсы сваіх інструмэнтаў. «Усё ад таго, што ідэйна мы ўсё тыя ж маленькія рокеры: хочам, каб і гук быў смакавітым, і каб драйву хапала, разам з тымі, каб і ўласная разынка ва ўсім гэтым захавалася», — кажа Ільля. 

Музыкі сабралі міні-студыю пад Менскам, дзе рэпэтуюць і проста бавяць час. Кажуць, што тамака песьні пішуцца хутка і лёгка. Разьяжджацца па хатах ня хочацца пасьля рэпэтыцыяў, таму часам застаюцца да раніцы. Пакуль толькі запісаны дэма-матэрыял ужывую. У сувязі з надыходам зімы, удзельнікі Haina вырашылі: калі выпадзе так шмат сьнегу, што яны ня здолеюць выбрацца ў горад — працягнуць запісваць матэрыял ужывую. Калі ж раптам сьнегапады засьпеюць іх у горадзе — тады зробяць першы студыйнік.

Што да гурта «Абшар», які адзначыўся шэрагам яскравых песень на «Тузіне Гітоў» ды ўдзелам у буйным польскім фэсьце «Union of Rock — 2009», то яго дзейнасьць прыпыненая. «Мы проста стаміліся ад сваёй музыкі. Напэўна, прыйшоў час зрабіць перапынак. Але на шчасьце ўсе масты засталіся цэлыя, таму нішто не перашкаджае сабрацца разам у будучыні, каб працягнуць», — кажа Ільля. 

Першы канцэрт у гісторыі новага гурта Haina адбудзецца неўзабаве — 21 лістапада ў менскім рок-бары «Крылы». На старонцы падзеі ЎКантакце можна пачуць і першыя запісы каманды Ільлі Паплёўкі. 

Tuzin.fm 

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: