Адкрыцьцё Oktoberfest’у: новае і вядомае ад Trubetskoy, Pawa i N.R.M.
3209 / 1
17.09.2015

Адкрыцьцё Oktoberfest’у: новае і вядомае ад Trubetskoy, Pawa i N.R.M.

У першы музычны дзень Oktoberfest’у ў Камарове 25 верасьня гурт N.R.M. выйдзе на сцэну з новым музыкам, Trubetskoy сыграе мікс з сваіх найлепшых гітоў, а Pawa рыхтуе адмысловы сэт «пад піва».

Oktoberfest у загарадным комплексе «Камарова», што за 5 кіламэтраў ад Менску, стартуе ўвечары 25 верасьня — апошнія дні бабінага лета. На адкрыцьці выступяць гурты Trubetskoy, Pawa i  N.R.M.

«Наш выступ будзе адметным хаця бы таму, што з намі будзе граць новы гітарыст, а гэта татальна паўплывае на нашу музыку. Гэта запрошаны чалавек, імя якога мы пакуль публічна не абвяшчаем», — кажа франтмэн N.R.M. Піт Паўлаў. Яго гурт сыграе 25 верасьня праграму, куды ўвойдуць як песьні з апошняга альбому «Д.П.Б.Ч», так і галоўная баявікі. «Вядома ж, нішто не параўнаецца з „Трыма чарапахамі“, але мы актыўна граем новыя песьні, якія прымаюць ня горш за даўнія гіты. Утварыўся такі маналіт старога і новага, так што чакайце моцнага канцэрту», — абяцае музыка.

Гурт Pawa свой сэт-ліст рыхтуе з уліку спэцыфікі мерапрыемства. «Мы дамо праграму „пад піва“: забойныя танцы для дзевак, каб скокалі вышэй за столю, а хлапцы кубкамі адбівалі рытм па сталах і расплёсківалі соладавы напой. Будуць бязглуздыя і вясёлыя нумары, брутальныя і хаератрасныя, Будзе шмат танцаў, сьпеваў і дуды», — кажа лідэр каманды Юрась Панкевіч. У трэк-ліст гурта ўвойдуць фірмовыя канцэртныя нумары «Тарантэла», «Кракавяк», «Зайграй жа дударочку» ды іншыя, у тым ліку з апошняга альбому гурта «Жыта».

Гурт Trubetskoy таксама робіць стаўку ў Камарове на самыя пазнавальныя канцэртныя нумары. «Будзе тое, што нашы слухачы пачулі і палюбілі — частка старога, частка новага матэрыялу», — кажа прадусар гурту Яўген Калмыкоў. Каманда на чале з Паўлам Булатнікавым толькі вызначылася з назвай свайго дэбютнага альбому «Magister Bibendi!», які складаецца выключна з новага матэрыялу. Але да рэлізу дыску, заплянаванага на кастрычнік, гурт яшчэ ўключае ў праграму гіты з рэпэртуару гурту «Ляпіс Трубяцкі». Дарэчы, з Oktoberfest у Камарове Trubetskoy едзе на падобнае мерапрыемства з такой жа назвай у Кіеў.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ 25 ВЕРАСЬНЯ: TRUBETSKOY, N.R.M., PAWA

Акром музычнай праграмы падчас Oktoberfest’у на тэрыторыі комплексу «Камарова» плянуецца багата забаваў і конкурсаў: бірпонг, перацягваньне канату, бойка падушкамі, армрэстлінг, валейбол усьляпую, гонкі зь півам ды іншыя зоны актыўнасьці. Гасьцей чакае багаты выбар піва і адмысловыя прапановы закусак у найлепшых традыцыях Oktoberfest’у.

Пачатак забаўляльнай праграмы — у 16:00, канцэрт пачнецца ў 18:00. Весьці ўсе канцэрты фэсту будзе Ўсевалад Сьцебурака.

Прыяжджаць у Камарова (5 км ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце — схема праезду. Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная — Камарова, Камарова – д/с Дружная з 15:30 да 0:00.

Квіткі ў папярэднім продажы можна набыць праз Kvitki.by: на канцэрт 25 верасьня папярэдні кошт 200 000 руб. (з улікам камісіі апэратара), на ўваходзе — 250 000 руб. Даступныя таксама абанэмэнты для тых, хто хоча наведаць ад двух да пяці канцэртаў, заплянаваных па пятніцах і суботах да 10 кастрычніка — выходзіць значна таньней.

Інфалінія: +375 29 676-81-95. Браніраваньне столікаў на канцэрт — +375 44 538-89-88. Па пытаньнях супрацоўніцтва — +375 29 690-89-79.

Падрабязнасьці можна дазнацца ў афіцыйных суполках «УКантакце» і Facebook.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    24.09.2015 / 16:30

    Важная інфармацыя для тых, хто хоча дабірацца да Камарова ў канцэртныя дні на маршрутным таксі (праезд бясплатны).

    Адпраўленьне з Дружнай, а дакладней з прыпынку па вул.Талстоя
    Расклад такі:
    16.00, 17.20, 18.30, 19.30, 20.30, 21.30, 22.30, 23.30
    Адпраўленьне з Камарова:
    16.40, 18.00, 19.00, 20.00, 21.00, 22.00, 23.00, 0.00

  • КАМЕНТАВАЦЬ